Дзяржаўны памежны камітэт: У брытанскага журналіста не было ні візы, ні квітка, ні акрэдытацыі


Прэс-сактратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка кажа, што Джонатан Рагман спрабаваў уехаць у Беларусь яшчэ 7 мая.

Пра гэта ён паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ” увечары 22 мая:

– Я павысвятляў усё, што там адбывалася. Ён спрабаваў уехаць у Беларусь яшчэ 7 мая праз пункт пропуску Гудагай цягніком “Вільня-Мінск”. Пры гэтым у яго не было ні актуальнай візы, яго не было ў акрэдытацыйных базах, якія нам прадастаўляе дырэкцыя (Чэмпіянату свету па хакеі – заўв. БАЖ), білета на чэмпіянат у яго таксама не было. Калі па бязвізавым рэжыме ехаць, то патрэбны альбо білет, альбо акрэдытацыя. Таму ніякіх фізічных падставаў для ўезду не было. На што разлічваў чалавек – незразумела... Чаму гэтая інфармацыя пайшла толькі цяпер? Я чытаю, публікуюць вытрымкі з яго Твітара... Я так разумею, ён сёння гэта выкінаў для таго, каб сваю перадачу прарэкламаваць. Хутчэй за ўсё, піяр-ход нейкі.

Пра адмову ва ўездзе ў Беларусь карэспандэнту брытанскага тэлеканала Channel 4 News Джонатану Рагману паведаміла агенцтва БелаПАН, charter97.org і іншыя інфармацыйныя крыніцы са спасылкай на Твітэр журналіста. 22 мая ён напісаў: "Мне забаранілі ўязджаць у Беларусь. Знялі з цягніка і выправадзілі. Рэжым Лукашэнкі будзе ў цэнтры ўвагі сёння ўвечары на канале Channel 4 News".