Швейцарскі журналіст: “Нідзе больш не бачыў такога кантролю”
ГА “БАЖ” працягвае збіраць уражанні замежных журналістаў, якія асвятляюць Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Наш чарговы суразмоўца – Вінсэнт Кастэй (Vincent Costet), рэпарцёр RTV, сеткі франкамоўных радыёстанцый у Швейцарыі.
На фота: Вінсэнт Кастэй і Жанна Літвіна
БАЖ: Якое ваша “рэдакцыйнае заданне”?
Вінсэнт Кастэй: Мая асноўная місія – асвятляць гульню швейцарскай каманды. Але, калі я прыдумаю нешта яшчэ, то абсалютна свабодны рабіць гэта. Я падумаў, што швейцарцам было б цікава даведацца болей пра жыццё ў Беларусі, таму я пагутарыў з некаторымі журналістамі, вось з вамі гутару...
БАЖ: Ці сутыкаліся вы з недобразычлівым стаўленнем да журналістаў?
В.К.: Ёсць пэўныя пытанні. Найперш – кантроль у месцах правядзення чэмпіянату. Нідзе не бачыў столькі кантролю. Напрыклад, я быў на Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы – там была ахова, але не так шмат, і стаўленне было больш добразычлівае. Самая вялікая праблема паўстала ў першы дзень спаборніцтваў – мы чакалі паўгадзіны, каб выйсці з “Мінск-Арэны”. Там былі сабакі – напэўна, бомбы шукалі ці што яшчэ, не ведаю. Мы чулі, што гульні павінен быў наведаць Лукашэнка – мабыць, з-за гэтага. Было зусім не смешна. Мы стаялі там разам з фінскімі і чэшскімі журналістамі, прычым калега з чэшскага тэлебачання не паспяваў па графіку і вельмі нерваваўся.
БАЖ: А як наконт людзей на вуліцах? Размаўлялі з кім-небудзь пра штосьці, акрамя спорту?
В.К.: Палову тыдня я асвятляў толькі спорт і падзеі ў фан-зоне, але я разумею, што фан-зона не рэпрэзентуе беларускага грамадства. Я размаўляў з адной дзяўчынай – яна відаць, паездзіла па свеце і сама да мяне падышла, убачыўшы мікрафон. Сказала, што беларусы – цудоўныя людзі, адкрытыя, нешта такое... Дарэчы, і іншая дзяўчына ў фан-зоне сказала мне прыблізна такія ж словы.
БАЖ: Ці шмат нашых людзей размаўляе па-англійску? Ці былі праблемы з камунікацыяй?
В.К.: Так, размаўляць цяжкавата. Хаця людзі ў гатэлі і валанцёры на чэмпіянаце размаўляюць па-англійску. Не заўсёды добра, але гавораць.
БАЖ: Як наконт інтэрнэту?
В.К.: У цэлым працуе, але часам бываюць збоі. На “Мінск-Арэне” ў мяне былі праблемы з падключэннем. І ў гатэлі замест таго, каб даць пастаянны код, мне даюць картку на 180 хвілін. І кожны раз мне даводзіцца спускацца на рэцэпцыю і прасіць дзве ці тры, каб мець больш часу.
БАЖ: Якога кшталту інфармацыя пра Беларусь даходзіць да Швейцарыі?
В.К.: Шчыра кажучы, мы амаль ніколі не размаўляем пра Беларусь. Хіба што пасля 2010 года, але потым чарговы сусветны крызіс зацьміў беларускую сітуацыю, і больш мы пра яе не размаўляем. Яна не настолькі блізкая палітычна да Еўропы.
На гэтую ж тэму:
Фінскія тэлежурналісты: Ментальная дыстанцыя паміж Фінляндыяй і Беларуссю – вялізная
Расейскія СМІ пішуць пра «пекла» для працы журналістаў на хакеі