Алеся Залеўскага збіраюцца судзіць за працу на “Белсат” (Абноўлена)
Суд па справе Алеся Залеўскага – штатнага супрацоўніка тэлеканала “Белсат”, які зʼяўляецца часткай TVP (Telewizja Polska S.A.), першапачаткова быў запланаваны на 20 мая. Алесь заявіў хадайніцтва аб пераносе працэсу, пасля чаго слуханні прызначылі на 15:00 27 мая.
Па словах журналіста, у панядзелак ён атрымаў тэлефанаванне з Карэліцкага раённага суда Гродзенскай вобласці. Яму паведамілі, што ў аўторак аб 11 гадзіне там будзе разглядацца адміністратыўны пратакол у дачыненні да яго. У выпадку няяўкі журналісту пагражалі прымусовым “прыводам”.
Алесь Залеўскі ўпершыню чуе пра нейкую справу супраць сябе. Журналіст не знаёміўся з пратаколам і не атрымліваў якіх-кольвек позваў у міліцыю ці суд.
– Калі мяне абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі па адміністратыўным артыкуле 22.9, то міліцыянты павінны былі хаця б выклікаць мяне для складання пратакола і ўзяць тлумачэнні. Нічога гэтага зроблена не было, – распавёў Алесь прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Нагадаем, што апошнім часам у Гродзенскай вобласці было зафіксавана ўжо некалькі выпадкаў адміністратыўнага пераследу журналістаў. 4 красавіка “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў. 15 мая падобны пратакол быў складзены яшчэ на аднаго журналіста – Андрэя Мялешку.