Журналістаў усё часцей рэпрэсуюць праз сведчанні тых, у каго яны бралі інтэрв’ю


Нават не жадаючы ствараць праблем незалежным журналістам, людзі пад ціскам здаюць іх міліцыі. Выглядае на тое, што своеасаблівым палігонам для выпрабаванняў новай стратэгіі стала Гродзеншчына.

Як вынікае з пратакола, які даслалі 17 мая гродзенскаму журналісту Андрэю Мялешку, адміністратыўную справу паводле ч.2 арт. 22.9 супраць яго завялі на падставе паказанняў мясцовых лекараў. Яны ладзілі ў Гродне акцыю “За здаровае сэрца”, а інфармацыя пра гэтую падзею з’явілася на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.


У. Мялешка. Фота з Facebook

– Пасля публікацыі, як вынікае з пратаколу, супрацоўнікі міліцыі апыталі лекараў і склалі супраць мяне пратакол, – распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Андрэй Мялешка. – Медыкі ў ім пазначаныя як сведкі, якія распавялі, што менавіта я гутарыў з імі.

У красавіку яшчэ аднаго гродзенскага сябра ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава аштрафавалі на 4,5 млн. рублёў за "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” на падставе сведчання галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек.


А. Дзянісаў. Фота t-styl.info

Той паказаў, што Дзянісаў браў у яго інтэрв’ю для сюжэту пра тэатральную пастаноўку, які пазней выйшаў у эфіры “Белсата”.

– Лічу, што насамрэч у гэтай справе ногі растуць з гродзенскага КДБ і пракуратуры, якія пасля вынясення папярэджання апошнім часам пільна адсочваюць працу гарадзенскіх журналістаў, – кажа Андрэй Мялешка. –  Складваецца ўражанне, што перад кімсьці проста паставілі задачу як мага больш “насаліць” незалежным журналістам. Даходзіць нават да таго, што супрацоўнікі спецслужбаў загадваюць розным установам наогул не кантактаваць з намі.

Гродзенскі праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Хільмановіч мяркуе, што мэтанакіраваныя рэпрэсіі ў гэтым рэгіёне звязаныя з яго геаграфічным становішчам.


У. Хільмановіч. Фота spring96.org

– Мы мяжуем з краінамі Еўразвязу: Літвой і Польшчай, а зараз ідэалогія дзяржавы дайшла да халоднай вайны з Захадам. І таму ідзе жорсткая паслядоўная зачыстка, наступ на журналістаў. Я мяркую, што існуе цэлы аддзел, які па сутнасці толькі і займаецца адсочваннем медыйнай прасторы, адсочваннем эфіру “Белсата” і “Беларускага Радыё Рацыя”, бо яны застаюцца аднымі з нешматлікіх трансгранічных незалежных крыніц інфармацыі, праз якія нашы жыхары могуць атрымліваць праўдзівую інфармацыю. І таму пастаўлена задача – зменшыць уплыў гэтых медыяў, звесці працу журналістаў да мінімуму, не даць ім збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Праваабаронца, якога самога нядаўна аштрафавалі за “пікетаванне” на падставе размешчаных у інтэрнэце фотаздымкаў, прагназуе пагаршэнне сітуацыі ў найбліжэйшай будучыні.

– Прайшла хваля папярэджанняў, цяпер ідзе хваля адміністратыўных працэсаў. Чаго чакаць заўтра – можна ўявіць зыходзячы з гэтай логікі. Не выключаю, што і больш жорсткі ціск пачнецца і пасля Чэмпіянату свету, і ў звязку з прэзідэнцкімі выбарамі, і ў звязку з падзеямі вакол Украіны. Мы вельмі залежым зараз ад знешнепалітычнага фактару, ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне з Расіяй. Як гэта ні парадаксальна, у які б бок там падзеі ні разгортваліся, для нас усё роўна будзе толькі горш. Прынамсі, у бліжэйшай перспектыве.

Журналістам у гэтых варунках неверагодна цяжка, лічыць Уладзімір Хільмановіч. Прававыя механізмы не дзейнічаюць як належыць, і не кожны можа пахваліцца такой цвёрдасцю характару, як Андрэй Пачобут

– Безумоўна, часам можа дапамагчы наша журналісцкая салідарнасць, праявы асабістай мужнасці. Хоць я кажу – не кожны журналіст здольны на такую мужнасць, і гэта можна па-чалавечы зразумець. Таму я не выключаю, што нехта ўвогуле спыніць займацца журналістыкай, нехта з’едзе, а нехта будзе служыць прафесіі да апошняга і, магчыма, будзе рэпрэсаваны...

Між тым, журналісты, якія застаюцца ў прафесіі, настроеныя не так песімістычна.   

– Што тычыцца мяне асабіста, то я ўжо не першы раз сутыкаюся з рознымі перашкодамі ў працы, таму маю пэўную загартоўку, – кажа Андрэй Мялешка. – Хоць, безумоўна, складанне пратаколаў і адміністратыўны ціск усё ж крыху псуе настрой. Асабліва гэта адбіваецца на сям’і.

– Час ад часу “трапляеш” на нейкую параною, адчуваеш сябе няўтульна, – прызнаецца Алесь Дзянісаў.  – Але я навучыўся ў апошнія гады спакойна да ўсяго ставіцца. Канешне, гэта ненармальна – калі звычайны чалавек, які не парушае Канстытуцыю, нікога не забівае, не рабуе і гэтак далей, становіцца “ворагам дзяржавы”... Але як журналіст я ўжо спакойна стаўлюся да таго, што праслухоўваюць тэлефоны, што сочаць, што здымаюць на нейкую відэакамеру падчас выканання прафесійных абавязкаў... Галоўнае – разумець, што і для чаго ты робіш.