У Брэсце будуць судзіць сябра ГА "БАЖ" Яўгена Скрабца


17 мая ў Брэсце непадалёк свайго дома быў затрыманы незалежны журналіст, сябра ГА “БАЖ” Яўген Скрабец.

Пра гэта паведаміла “Беларускае Радыё Рацыя”, якому Яўген скінуў СМС наступнага зместу: “Зараз знаходжуся ў Ленінскім РАУСе Берасця, шыюць хуліганства”.

Паводле апошніх звестак ад брэцскіх праваабаронцаў, Яўгена Скрабца пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання і ў панядзелак маюць судзіць за парушэнне арт.17.1 КаАП. 

Нагадаем, што 31 сакавіка журналіст атрымаў папярэджанне за супрацу з “Беларускім Радыё Рацыя” – пракурор папярэдзіў яго пра недапушчальнасць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Копію папярэджання журналісту так і не выдалі. А 26 красавіка Яўгена выклікалі ў міліцыю “дзеля апытання”. Спачатку казалі, што ён нібыта падобны да ўдзельніка бойкі, якая здарылася ў горадзе ў лютым, а пазней зноў перайшлі да пытанняў пра супрацоўніцтва з радыё.

Таксама ў суботу, 17 мая, у Гродне атрымаў заказным лістом пратакол аб адміністратыўным  правапарушэнні іншы незалежны журналіст – Андрэй Мялешка. Яму ставяць у віну супрацу з “Беларускім Радыё Рацыя” без акрэдытацыі. У чацвер да яго прыходзіў міліцыянт з Кастрычніцкага РАУС, які спрабаваў атрымаць подпіс пад складзеным загадзя пратаколам апытання, якога з журналістам не праводзілі. З таго, што журналіст убачыў у паперы, вынікала, што супраць яго завялі адміністратыўную справу за працу без акрэдытацыі.