Дыпломам “За адданасць прафесіі” ўганараваны Аляксандр Баразенка


Гомельская філія ГА “БАЖ” уганаравала дыпломам “За адданасць прафесіі” незалежнага журналіста Аляксандра Баразенку. Яму будзе ўручаны і адмысловы прыз. Старшыня філіі Анатоль Гатоўчыц па даручэнні сходу павіншаваў пераможцу.

На конкурс Аляксандра Баразенку вылучылi калегі, якія палічылі яго годным дыплома.

Удзельнікі сходу паглядзелі працы Алеся, вывеўшы іх з інтэрнэту праз праектар на вялікі экран. І прызналі, што Баразенка ў найбольшай ступені выявіў сябе як адданы прафесіі журналіст, здабываў інфармацыю ў розных гарадах Украіны нават з рызыкай для жыцця. Прычым, браў інтэрв’ю не толькі ў прадстаўнікоў афіцыйнай украінскай улады, але і сепаратыстаў.

Сёлета даслалі таксама на конкурс свае журналісцкія працы і рэзюмэ і іншыя сябры ГА “БАЖ”: Таццяна Смоткіна з Глыбокага, Зоя Хруцкая, Настасся Роўда, Алесь Высоцкі, Вольга Юркевіч, Галіна Сініца з “Рэгіянальнай газеты” (Маладзечна).

Міжрэгіянальны конкурс на атрыманне дыплома “За адданасць прафесіі” заснаваны Гомельскай філіяй ГА “БАЖ” у красавіку 2009 года на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова і мае на мэце адзначаць журналістаў, выдаўцоў, распаўсюднікаў СМІ, якія, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, сумленна і высокапрафесійна робяць сваю справу.

У розныя гады такімі дыпломамі былі ўганараваныя незалежныя журналісты Таццяна Бублікава і Алег Ражкоў, Ларыса Шчыракова, Анатоль Санаценка, Мікалай Бянько і Юлія Сівец.