Выйшла кніга Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцьця” пра падзеі 2010-2011 гадоў


Кніга напісана Алесем Бяляцкім падчас ягонага зняволення: з верасня 2012 па чэрвень 2013 года. Выданне ўключае ў сябе лісты з успамінамі, рэфлексіямі і развагамі, тут апісаны і звычайныя працоўныя будні, падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі. Назва кнігі даволі вобразная, Алесь імкнуўся праз яе перадаць зменлівасць і небяспечную прыцягальнасць, пэўную халоднасць жыцця.

“Пісаць пра падзеі 2010-2011 гадоў і лёгка, бо яны, здаецца, добра-такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна з'ядае свежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражанні, якія адцясняюць і заціраюць старыя”, – напісаў Алесь Бяляцкі ў адным з лістоў.

Укладальніца выдання праваабаронца Алена Лапцёнак у прадмове да кнігі адзначае: “Прайшло ўжо больш за два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага, і палову вызначанага судом тэрміну зняволення ён ужо адбыў. Але нават гэты час у пэўнай ступені не аказаўся для яго страчаным дарма, і, як чалавек з моцным унутраным стрыжнем, Алесь здолеў скарыстаць яго і разбавіць аднастайнасць турэмнага побыту творчымі задумамі і іх плённай рэалізацыяй”.

Лісты-нататкі з гэтай кнігі з 4 жніўня 2013 года размяшчаліся ў асабістым блогу Алеся Бяляцкага на сайце "Беларускі партызан".

Нагадем, што гэта ўжо другая кніга Алеся Бяляцкага, якая выйшла за час ягонага зняволення. Першая – “Асьвечаныя Беларушчынай”, зараз яшчэ рыхтуецца да выдання зборнік ягоных публіцыстычных твораў “Халоднае крыло Радзімы”.

Бліжэйшым часам Праваабарончы цэнтр “Вясна” запросіць усіх ахвотных на прэзентацыю кнігі, дзе яе можна будзе атрымаць.