Алеся Бяляцкага ўганаравалі за кнігу, якую не даюць увозіць у Беларусь


Палітвязень, праваабаронца, публіцыст і сябра ГА “БАЖ” Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча ад Беларускага ПЭН-цэнтра за кнігу «Асьвечаныя Беларушчынай».

Цырымонія ўганаравання адбылася 14 мая ў Мінску.

За Алеся Бяляцкага прэмію атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна паведаміла, што зняволены праваабаронца ўжо ведае пра ўзнагароду.

Наталля Пінчук дадала, што сам аўтар ацэньвае «Асьвечаныя Беларушчынай» як падсумаванне 25-гадовай працы.

Наталля Адамовіч, дачка Алеся Адамовіча, у гонар якога была заснаваная прэмія, заявіла, што Бяляцкі стаў 34-м лаўрэатам гэтай ўзнагароды. «Раней кнігі спальвалі, а цяпер — новая форма: забарона на ўвоз», — адзначыла Наталля Адамовіч, гаворачы пра важнасць кнігі.

3 ліпеня 2013 года на літоўска-беларускай мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равяка забралі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага, якую надрукавалі ў Літве. Таццяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага.

Пазней на падставе заключэння экспертаў суд зрабіў выснову, што кніга ўтрымлівае матэрыялы, якія могуць нанесці шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам краіны, і пастанавіў вывезці кнігі назад у Літву.

У 2011-м аўтара кнігі Алеся Бяляцкага суд пакараў чатырма з паловай гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці нібыта за нясплату падаткаў з ахвяраванняў, якія пайшлі на дзейнасць закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» і дапамогу палітвязням.

Прэмія імя Алеся Адамовіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру, заснаваная ў 1995 годзе. Уручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года.