Затрыманых у Мінску журналістаў выпусцілі (Абноўлена)


У 18.35 Валер Каліноўскі паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ”, што здымачную групу Радыё “Свабода” адпусцілі без складання пратаколаў. З журналістаў узялі тлумачэнні, з якой мэтай яны знаходзіліся каля “Мінск-Арэны” і ў чым заключалася іх праца.

Акрэдытаванага пры МЗС карэспандэнта Радыё “Свабода” Валера Каліноўскага са здымачнай групай затрымалі ўвечары 9 мая. Пра гэта прэс-службе ГА “БАЖ” паведамілі калегі з Радыё “Свабода” і Рускай службы Бі-Бі-Сі.

Здымачная група вяла жывую відэатрансляцыю з фан-зоны – агароджанай тэрыторыі ля “Мінск-Арэны”, куды пускаюць людзей без квіткоў і дзе ладзяцца прымеркаваныя да хакейнага чэмпіянату святочныя мерапрыемствы.

Трансляцыя раптоўна перарвалася, і тэлефонная сувязь з журналістамі знікла.

Ахоўнікі парадку ў цывільным, у якіх калегі спрабавалі высветліць лёс затрыманых, сказалі, што іх, хутчэй за ўсё, павезлі ў Цэнтральны РУУС.

Юрысты ГА “БАЖ” звязаліся з прэс-сакратаром ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандрам Ластоўскім, каб паспрыяць вызваленню калег. Ён сказаў, што скіроўваецца ў Цэнтральны РУУС, каб разабрацца ў сітуацыі. Каля 17.50 А. Ластоўскі патэлефанаваў намесніку старшыні ГА “БАЖ” Андрэю Бастунцу і паведаміў, што бачыўся з затрыманымі. Па яго словах, у хуткім часе іх збіраюцца адпусціць.

Каля 18.40 журналісты пацвердзілі, што ўжо знаходзяцца на волі. 

 

На гэтую ж тэму:

Здымачную групу Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры