Журналіста НТВ з Беларусі і надалей будуць утрымліваць пад хатнім арыштам

naviny.by

Апеляцыйны суд Днепрапятроўска пакінуў у сіле рашэнне пра хатні арышт затрыманага ва Украіне журналіста расійскага канала НТВ беларуса Сцяпана Чырыча.

Таксама суд не задаволіў выкладзенай у скарзе просьбы пра спыненне крымінальнага пераследу Чырыча. Журналіст паведаміў БелаПАН, што адчувае сябе нармальна.

Паводле інфармацыі украінскіх СМІ, у красавіку ў Днепрапятроўскай вобласці былі затрыманыя двое мужчын з журналісцкімі пасведчаннямі – у тым ліку грамадзянін Беларусі Сцяпан Чырыч, які здымаў сюжэт для тэлеканала НТВ. Іх падазраюць у шпіянажы.

Чырыч працуе прадзюсарам у расійскай Першай прадзюсерскай кампаніі, якая займаецца вытворчасцю праграмы «Цэнтральнае тэлебачанне з Вадзімам Такмянёвым» для НТВ. Паводле інфармацыі сайта тэлеканала, 22 красавіка ён выехаў у горад Першамайск, дзе па заданні рэдакцыі павінен быў зняць сюжэт пра візіт ва Украіну пратэстанцкага святара Боба Ларсана ў рамках яго сусветнага турнэ. Беларус перастаў выходзіць на сувязь з рэдакцыяй 23 красавіка.

«Падчас здымак замежныя грамадзяне выкарыстоўвалі тэхнічную прыладу, закамуфляваную пад акуляры з уштукаванай відэакамерай, якая мае прыкметы спецыяльных тэхнічных сродкаў (СТС) сакрэтнага атрымання інфармацыі», – цытавалі СМІ паведамленне кіраўніцтва СБУ ў Днепрапятроўскай вобласці.

Абарона настойвае на спыненні крымінальнага пераследу Чырыча на той падставе, што ў заканадаўстве Украіны адсутнічае вызначэнне СТС, а методыка далучэння аб'ектаў да СТС сакрэтнага атрымання інфармацыі, зацверджаная ўнутраным дакументам СБУ, мае грыф «з абмежаваным доступам». Такім чынам, на думку абароны, «сёння ва Украіне законапаслухмяны грамадзянін не мае ніякай магчымасці напэўна высветліць, якія менавіта дзеянні караюцца ў крымінальным парадку, а якія – не».

 

На гэтую ж тэму:

Хто ён, затрыманы журналіст з Салігорску?