Радыёжурналісты: У век інтэрнэту трэба баяцца хіба што непрафесіяналізму
Ці з’яўляецца інтэрнэт пагрозай для радыё? Пра гэта прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запыталася на Дзень радыё ў калег-радыйшчыкаў. А таксама апытала каля двух дзесяткаў журналістаў, высвятляючы, якое радыё яны звычайна слухаюць.
Зміцер Лукашук:
– Думаю, радыё пакуль нічога не пагражае, бо радыёстанцыі таксама вельмі імкнуцца паспяваць за часам і развіваць розныя мультымедыйныя праекты. FM па-ранейшаму застаецца запатрабаваным прадуктам, яго слухаюць і ў аўтамабілях, і дома, і на працы.
Да таго ж, большасць радыёстанцый маюць сёння адмысловыя сайты, дзе можна не толькі паслухаць тое ж самае радыё ў жывым эфіры, але і выбраць упадабаныя праграмы асобна ці пачытаць тэкставыя версіі матэрыялаў.
Таццяна Мельнічук (якую мы віншуем з народзінамі акурат на Дзень радыё):
– Чаго ў век інтэрнэту трэба баяцца – дык гэта нашага непрафесіяналізму. Бо, калі раней многія любілі свае памылкі спісваць на тэхнічныя складанасці, то з прыходам інтэрнэту наракаць на нешта такое журналісты проста не маюць права.
Таму ўсім журналістам сёння трэба вучыцца рабіць сваю працу яшчэ больш якасна. А яшчэ я лічу, што магчымасці радыёэфіру на сённяшні дзень застаюцца абсалютна не выкарыстанымі ў нашай краіне. Калі мне кажуць – маўляў, у нас FM-фармат, і пэўная інфармацыя не можа ў ім гучаць, я заўсёды нагадваю, што «Эхо Москвы» – таксама FM-радыёстанцыя.
Генадзь Кеснер:
– Думаю, пакуль яшчэ рана хаваць радыё як з’яву. Яно па-ранейшаму аказвае велічэзны інфармацыйны ўплыў, і ёсць вельмі багата людзей, якія атрымліваюць інфармацыю менавіта з радыёэфіру. Па-другое, сёння амаль усе радыёстанцыі маюць уласную трансляцыю ў тым жа самым інтэрнэце, што яшчэ больш дадае ім папулярнасці.
Іншая справа – якое гэта радыё? Раней радыё слухалі як асноўную крыніцу тэрміновай інфармацыі. Зараз жа FM-радыё ператварылася ў асноўным у музычны суправаджальнік людзей у грамадскім ці асабістым транспарце. Сур’ёзнай аналітычнай грамадска-палітычнай інфармацыі, нейкіх дыскусій сёння ў FM-эфіры вельмі мала. А шкада.
Зміцер Кармазін:
– На мой погляд, FM-хвалі па-ранейшаму застаюцца нашмат больш даступнымі для людзей. Каб слухаць радыё, не патрэбны кампутар, смартфон, планшэт і г.д., а радыёпрымачы прадаюцца сёння па кошце ад некалькіх даляраў. Абсалютна кожнаму чалавеку гэта даступна. І па-ранейшаму, думаю, радыё застаецца больш надзейнай, праверанай крыніцай інфармацыі, чым інтэрнэт.
Міні-галасаванне сярод калегаў пра тэлеканалы і радыёстанцыі, якія яны глядзяць і слухаюць:
Радыёстанцыі:
Радыё-Мінск – 3
ВВС – 2
Мелодыі века – 2
Еўрарадыё – 2
Радыё Рацыя – 2
Радыё Сталіца – 2
Радыё ОНТ – 1
Канал Культура – 1
Не слухаюць радыё – 10
ТБ-каналы:
Euronews – 6
Украінскія каналы – 4
БТ – 3
ОНТ – 3
СТВ – 3
Адукацыйныя каналы – 2
Дождь – 2
РТР – 1
Белсат – 1
AL Jazeera – 1
Не глядзяць ТБ – 6
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” віншуе ўсіх супрацоўнікаў радыё, тэлебачання і сувязі з прафесійным святам і жадае калегам плённай творчасці!