Прэс-скаратар ЧМ’2014 спадзяецца, што замежныя журналісты не будуць “займацца глупствам” і пісаць пра палітыку


Літаральна днямі ў Мінску стартуе 78-мы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Спаборніцтва, па падліках арганізатараў, збярэ каля 20 тысяч заўзятараў, а асвятляць яго ўжо збіраюцца сотні журналістаў з усяго свету.

Напярэдадні адкрыцця чэмпіянату прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пацікавілася ўмовамі працы журналістаў на мерапрыемствах.

Так, па словах прэсавага сакратара ЧМ’2014 Арсенія Якавенкі, на дадзены момант на Чэмпіянат па хакеі пры Міжнароднай хакейнай федэрацыі акрэдытавалася 410 журналістаў, большасць з якіх складаюць прадстаўнікі замежных СМІ.

Цікава, што яшчэ 17 кастрычніка мінулага года сваім указам №477 Аляксандр Лукашэнка спрасціў умовы працы замежных журналістаў падчас чэмпіянату, скасаваўшы для іх неабходнасць атрымання акрэдытацыі МЗС. Разам з тым, такая акрэдытацыя, паводле ўказу кіраўніка дзяржавы, патрабуецца тым прадстаўнікам СМІ, якія збіраюцца рыхтаваць матэрыялы не толькі пра хакейны чэмпіянат.

Хоць, па словах Арсенія Якавенкі, нікога з журналістаў за падрыхтоўку палітычных матэрыялаў арганізатары высылаць з краіны ці пазбаўляць акрэдытацыі на чэмпіянат не збіраюцца:

А.Я: – Не трэба ніякіх дадатковых акрэдытацый. Усе акрэдытаваныя на чэмпіянат журналісты могуць пісаць пра ўсё, што заўгодна.

Б.Г: – А калі пра палітыку будуць здымаць сюжэты, з палітыкамі сустракацца апазіцыйнымі, іх не вытураць з краіны?

А.Я: – Не вытураць. Хоць, лічу, дастаткова дзіўна быць акрэдытаваным на чэмпіянат па хакеі і займацца ўсялякім глупствам.

Апроч акрэдытацыі арганізатары чэмпіянату абяцаюць журналістам бясплатны інтэрнэт у прэс-цэнтрах “Мінск-Арэны” і “Чыжоўка-Арэны”, а таксама 571 зарэзерваванае месца на трыбунах.

 

На гэтую ж тэму:

Акрэдытацыя на хакейны чэмпіянат: да чаго рыхтавацца журналістам?