“Свабода выказвання – аснова стратэгіі развіцця пасля 2015 года”
5-6 мая ў Парыжы праходзіць міжнародная канферэнцыя “Свабода медыя дзеля лепшай будучыні: выпрацоўка стратэгіі на перыяд з 2015 года”.
Мерапрыемства праходзіць пад эгідай ЮНЭСКА і прымеркаваная да Сусветнага дня свабоды прэсы.
Удзел у канферэнцыі бяруць дзесяткі прадстаўнікоў міжнародных і нацыянальных медыяарганізацый і структур: АБСЕ, Савета Еўропы, “Рэпарцёраў без межаў”, Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ), Міжнароднай асацыяцыі газет (WAN) і г.д. У спісе выступоўцаў – прэзідэнт МФЖ Джым Бумела, Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч і іншыя знаныя асобы. Поўны спіс выступоўцаў – ТУТ.
Сярод тэм для абмеркавання – вяршэнства закона ў справе абароны журналістаў, барацьба з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў, пераход да грамадскіх СМІ, доступ да інфармацыі. Запланаваны трэнінг ад “Рэпарцёраў без межаў” па пытаннях лічбавай бяспекі і іншыя мерапрыемствы.
Адну з сесій 6 мая ладзіць Міжнародная федэрацыя журналістаў. Сустрэча прысвечана пытанням бяспекі журналістаў у краінах, дзе ёсць асацыяваныя структуры МФЖ, – у тым ліку у Беларусі. Прадстаўнікі арганізацый-сябраў МФЖ будуць абмяркоўваць стратэгіі абароны журналістаў у сваіх краінах. У гэтай сесіі бярэ ўдзел сябра Праўлення ГА “БАЖ” Міхась Янчук.
Па выніках канферэнцыі плануецца прыняць Дэкларацыю з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы-2014. (Яе праект змешчаны на сайце мерапрыемства).
У дэкларацыі ўдзельнікі форуму нагадваюць, што свабода выказвання і інфармацыі з’яўляюцца неад’емнымі кампанентамі для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека, і заклікаюць краіны-удзельніцы ЮНЭСКА садзейнічаць развіццю медыяў, заахвочваць плюралізм, прафесіяналізм і незалежнасць СМІ, своечасова рэагаваць на замахі супраць свабоды слова, эфектыўна змагацца са злачынствамі, накіраванымі на пераслед і запалохванне супрацоўнікаў СМІ, гарантаваць бяспеку і абарону журналістаў. Свабода выказвання павінна быць пакладзеная ў аснову стратэгіі развіцця пасля 2015 года, – лічаць яны.