Жанна Літвіна: Прафесійная праца журналістаў – наша галоўная «зброя» (фотарэпартаж)


У Сусветны дзень свабоды прэсы ў Мінску ўганаравалі пераможцаў конкурса «Вольнае слова», які з 2007 года ладзіць ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Старшыня арганізацыі Жанна Літвіна павіншавала калег з прафесійным святам, зазначыўшы, што гэтая дата проста абавязвае нас узгадаць пра праблемы беларускай і сусветнай журналістыкі.

«Нашы ўнутраныя праблемы – сістэмныя, хранічныя, але на фоне падзеяў у суседняй краіне яны ўжо не выглядаюць такімі крытычнымі», – зазначыла Жанна Літвіна. Яна прыгадала, што каля 10 беларускіх журналстаў асвятляюць падзеі ва Украіне.

«Гэта драматычная паўсядзённасць, да якой мы мусім быць гатовыя. Журналісты павінны паказваць вайну, каб яна як мага хутчэй скончылася, і адчуваць адказнасць за асвятленне падзеяў. Прафесійная праца нашых калег – адзіны спосаб супрацьстаяць прапагандзе і наша галоўная «зброя»», – зазначыла старшыня ГА «БАЖ».

«Менавіта для падтрымання стандартаў нашай прафесіі і быў прыдуманы конкурс «Вольнае слова», – падкрэсліў старшыня журы Юрась Карманаў. – Нашы пераможцы дэманструюць прафесіяналізм найвышэйшага гатунку».

Па словах старшыні журы, тэматыка дасланых на сёлетні конкурс твораў – самая шырокая: ад маляўнічага расповеду пра Дразды і аналізу сітуацыі з вылучанымі на Нобелеўскую прэмію беларусамі да наркагандлю і змены полу.

Запрашаючы пераможцаў для ўручэння дыпломаў, Юрась цытаваў самыя яркія фрагменты іх тэкстаў і прасіў падзяліцца гісторыяй іх напісання.  

Надзея Белахвосцік ("Комсомольская правда") заняла трэцяе месца ў намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял”.

Аляксей Кароль ("Новы Час") атрымлівае дыплом за Валярыну Куставу, якая заняла другое месца ў намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя”. 

Тэкст Андрэя Дынько ("Наша Ніва") заняў першае месца ў намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя”.

Зміцер Лукашук (“Еўрарадыё”) заняў 2 месца ў намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял”.

Зміцер Панкавец ("Наша Ніва") заняў 3 месца ў намінацыі “Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру”.

Тэкст Змітра Яненкі (“Товарищ.online”) заняў 3 месца ў намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя”.

Жонка Руслана Гарбачова ("Салідарнасць") атрымлівае дыплом за мужа, тэкст якога заняў 3 месца ў намінацыі "Мастацка-публіцыстычныя жанры"

Яўген Валошын ("Еўрарадыё") атрымлівае дыплом за 1 месца ў намінацыі "Журналісцкае расследаванне"

Алена Запарожац ("34mag.net") заняла 3 месца ў намінацыі "Дэбют".

Наталля Беніцэвіч ("TUT.BY") - уладальніца дыплома за 2 месца ў намінацыі "Дэбют"

Пры канцы імпрэзы вядомы беларускі журналіст Аляксандр Тамковіч прэзентаваў англамоўную версію сваёй кнігі «Найноўшая гісторыя ў асобах».

Над перакладам працавалі выбітныя прафесіяналы, таму ўзровень кнігі вельмі высокі, – адзначаюць калегі. «Саша робіць, на мой погляд, вялікую справу для нашых нашчадкаў – збірае па староначках нашы з вамі лёсы. Таму няпраўда, што праца журналіста жыве ўсяго гадзіну», – адзначыла Жанна Літвіна, віншуючы калегу з выхадам чарговай кнігі. 

Спіс пераможцаў «Вольнага слова-2014»