Затрыманні, наезды тэхнікаю, лаянка і пагрозы. Як працуецца журналістам? (відэа)

"Белсат"

Каторы год Беларусь займае апошнія месцы паводле ўзроўню свабоды прэсы. Затрыманні, папярэджанні, штрафы...

«Самае балючае – гэта затрыманне і ўмяшальніцтва ў дзейнасць. Паводле нашай статыстыкі толькі з пачатку года за 3 месяцы адбылося 14 затрыманняў журналістаў», – адзначыла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Паводле яе, больш жорсткія захады, звязаныя з кантролем за журналістамі, адбываюцца ў сувязі з выбарчымі кампаніямі, а найперш – з прэзідэнцкімі.

Перашкаджаюць працаваць журналістам і некаторыя грамадзяне, хоць рэпарцёры абараняюць нашыя агульныя правы. Большасць жа не хоча ніякіх стасункаў з журналістамі – гэтак спакайней.

«Трэба быць шустрым, трэба быць смелым, не трэба саромецца падыходзіць да людзей. Калі ты будзеш саромецца, то людзі будуць гэта бачыць і будуць проста «пасылаць». Але нават калі ты будзеш смелы ды напорысты, не выключана, што цябе і так могуць “паслаць”», – зазначыла журналістка Таццяна Бублікава.

Журналісты не трэба грамадзянам, але да тае пары, калі нешта не прыцісне па-сапраўднаму. Тады людзі адразу знаходзяць рэпарцёраў, каб дапамаглі, бо журналістыка – гэта абарона найгалоўнейшага права – свабоды слова для ўсіх і кожнага.


Затрыманне журналісткі "Белсату" Аліны Радачынскай. Фота euroradio.by