Зямляне і «чужынцы»
Непрыкметна мінула пяць гадоў, як пачаў дзейнічаць (з 8 лютага 2009 года) Закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Яшчэ задоўга да яго прыняцця юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў звярталі ўвагу дэпутатаў Нацыянальнага сходу на дыскрымінацыйныя нормы гэтага дакумента. Некаторыя з нашых прапаноў «палатнікі» ўлічылі, аднак большасць былі адхіленыя.
Што маем?
Маем Закон, скіраваны выключна на ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ды аднабокай ідэалогіі ў сферы масмедыя. Яго нормы спрыяюць росквіту ды бесклапотнаму існаванню выключна «дзяржаўных» СМІ, аднак абцяжарваюць дзейнасць і замінаюць развіццю «недзяржаўных» сродкаў масавай інфармацыі.
У аналітычным дакладзе «За рэформы медыя ў Беларусі», падрыхтаваным пад эгідай «Індэкса цэнзуры» (Вялікабрытанія), эксперты Андрэй Аляксандраў і Андрэй Бастунец адзначаюць, што «з прычыны абмежавальнага падыходу да заканадаўства аб СМІ і яго рэпрэсіўнага выкарыстання медыяландшафт Беларусі не спрыяе свабодзе выказвання меркавання» (гл.: http://belarus_media_freedom_by_web). На думку аўтараў даклада, «асноўнымі праблемамі застаюцца рэпрэсіўнае заканадаўства, пытанні фізічнай бяспекі журналістаў і беспакаранасць злачынстваў супраць іх, а таксама дзейная палітыка эканамічнай дыскрымінацыі незалежных СМІ».
Як вядома, наша краіна знаходзіцца ў хвасце спісу, які адлюстроўвае ўзровень свабоды прэсы. Паводле міжнароднай арганізацыі Freedom House, Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 193-е месца са 197 краін і тэрыторыяў. Са свабодай прэсы горшае становішча толькі ў Эрытрэі, Узбекістане, Туркменістане і Паўночнай Карэі.
Прынамсі, у дакладзе Freedom House адзначаецца: «У гэтых дзяржавах незалежныя СМІ альбо не існуюць, альбо ледзь могуць дзейнічаць, прэса з’яўляецца рупарам рэжыму, доступ грамадзян да аб’ектыўнай інфармацыі строга абмежаваны, а іншадумства задушанае пры дапамозе турмаў, катаванняў і іншых формаў рэпрэсій» (гл.: «Абажур», 2012, № 3, с. 63).
Паводле індэкса свабоды прэсы ў краінах «Усходняга партнёрства», Беларусь па выніках 2013 года апынулася на апошнім месцы (гл.: «Абажур», 2013, № 7, с. 2).
У высновах аналітычнага даклада «Індэкса цэнзуры», у прыватнасці, гаворыцца, што «за апошнія гады ў Беларусі не адбылося прыкметнага паляпшэння сітуацыі ў традыцыйных СМІ. Дзяржава працягвае займаць дамінантнае становішча на рынку электронных СМІ і захоўвае жорсткі кантроль над сферай друкаваных СМІ».
На практыцы гэта азначае, што, як і раней, большасць электронных СМІ ў Беларусі з’яўляюцца дзяржаўнымі і атрымліваюць значныя бюджэтныя датацыі. Пяць тэлеканалаў належаць Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, як і пяць радыёстанцый ды пяць абласных тэлерадыёкампаній. Яшчэ два агульнанацыянальныя тэлеканалы (ОНТ і СТВ) фігуруюць у якасці закрытых акцыянерных таварыстваў, аднак іх заснавальнікамі з’яўляюцца дзяржаўныя кампаніі. У той жа час дэ-факта ў краіне няма незалежных тэлеканалаў і радыёстанцый. Я ўжо не кажу пра адсутнасць грамадскага тэлебачання і радыё…
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне зараз дзейнічае каля 30 незалежных грамадска-палітычных выданняў (агульнанацыянальных і рэгіянальных). Як мінімум, адзінаццаць (!) з іх сутыкаюцца з рознымі абмежаваннямі, у тым ліку не маюць доступу да дзяржаўных сістэм распаўсюду прэсы.
Тым часам адносна вольнай прасторай для выказвання меркаванняў застаецца інтэрнэт, хаця ўлады здаўна мараць увесці тут больш жорсткае рэгуляванне (падрабязней пра гэта гл.: Беларусь: Сеціва пад кантролем. Аналітычны даклад аб выкліках свабодзе слова ў інтэрнэце ў Беларусі // http://www.indexoncensorship.org/wp-content/uploads/2013/01).
Служба маніторынгу БАЖ у 2013 годзе зафіксавала 45 выпадкаў затрымання журналістаў, чатыры з якіх скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі, а таксама каля 10 выпадкаў вынясення журналістам афіцыйных папярэджанняў з боку пракуратуры. Сёлета 5 сакавіка вынесена яшчэ адно папярэджанне гомельскім журналістам-фрылансерам — Юліі Сівец і Мікалаю Бянько. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы інфармацыйных матэрыялаў для замежных СМІ («Радыё Рацыя»).
Вось такую невясёлую карціну ўяўляе сабою медыяпрастора Беларусі. Сітуацыю шматкроць пагаршае практыка выкарыстання «новага» заканадаўства. Напрыклад, Закон аб СМІ не патрабуе ўзгадняць адрас размяшчэння рэдакцыі з мясцовымі выканаўчымі ўладамі. Але рэгістрацыйныя дакументы, зацверджаныя пастановай Міністэрства інфармацыі, патрабуюць размяшчаць рэдакцыю выключна ў офісным памяшканні. Што тычыцца пасады рэдактара выдання, то неабходна, каб у яго быў стаж кіраўніка СМІ не менш як 5 гадоў.
З прычыны вузкага падыходу да паняцця «журналіст» (п. 7 арт. 1 Закона) у цяжкім становішчы апынулася цэлая група супрацоўнікаў масмедыя, якія дзейнічаюць у рэжыме «фрыланс».
Журналістаў незалежных СМІ, па сутнасці, пазбавілі магчымасці карыстацца крыніцамі інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў і ўстаноў. Іх не запрашаюць на прэс-канферэнцыі, не пускаюць на пасяджэнні органаў улады, ім не даюць інфармацыі паводле запытаў рэдакцый. Што гэта, калі не дыскрымінацыя?
З моманту ўступлення Закона ў сілу «дамоклаў меч» вісіць над свабодным распаўсюдам інфармацыі праз інтэрнэт. Ва ўсякім выпадку, арт. 11 Закона прадугледжвае неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі «сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт». Парадак іх рэгістрацыі павінен вызначыць Савет Міністраў Беларусі, аднак пакуль адпаведная пастанова не прынята.
З 1 лютага 2010 года дзейнічае прэзідэнцкі Указ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт». Ён фактычна паставіў пад дзяржаўны кантроль усіх карыстальнікаў інтэрнэт-прасторы. З мэтай выканання гэтага ўказа розныя дзяржаўныя ўстановы прынялі каля двух дзясяткаў актаў, якія тым ці іншым чынам уплываюць на дзейнасць беларускіх вэб-сайтаў.
Можна канстатаваць, што за пяць гадоў «працы» Закона аб СМІ пазітыўнага ўплыву на станаўленне медыяпрасторы не адбылося. Закон не спрыяў развіццю свабодных СМІ, павышэнню статусу, абароне правоў і свабод журналістаў. Што ж да негатыву, то такіх фактаў больш чым дастаткова. І галоўны з іх заключаецца ў дыскрымінацыі незалежнай прэсы, супраць якой выкарыстоўваюцца практычна ўсе артыкулы Закона.
Пра тэлебачанне і радыё гаварыць не выпадае, паколькі яны выконваюць функцыі дзяржаўных органаў прапаганды.
Дэпутаты з планеты Х
Беларуская асацыяцыя журналістаў не аднойчы прапаноўвала кампетэнтным органам (Палаце прадстаўнікоў, Міністэрству інфармацыі, Міністэрству ўнутраных спраў і інш.) абмеркаваць пытанні, якія тычацца змяненняў у заканадаўстве аб СМІ і практыкі іх выкарыстання. Але кожны раз па самых розных прычынах нам адмаўлялі.
Адзін з чарговых лістоў Асацыяцыя атрымала 15 лютага 2013 года ад старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і сродках масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь А. М. Навумовіча. У дакуменце адзначалася, што прапановы БАЖ «...дэталёва прапрацаваны з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь… На сённяшні дзень Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» ў цэлым стабільна функцыянуе, дазваляе вырашаць практычныя праблемы, што ўзнікаюць у дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, а таксама спрыяе паступальнаму развіццю інфармацыйнай прасторы краіны».
Вось так: «стабільна функцыянуе...», «спрыяе паступальнаму развіццю...». Цікава, у якой краіне жывуць гэтыя дэпутаты, якую прэсу чытаюць, ці карыстаюцца інтэрнэтам? Такое ўражанне, што «народныя абраннікі» ўвогуле перасяліліся на іншую планету.
Падкрэслю, БАЖ прапанавала абмеркаваць выключна злабадзённыя праблемы, якія штодня замінаюць дзейнасці беларускіх СМІ і, перш за ўсё, працы незалежных выданняў. Вось некаторыя з гэтых пытанняў:
1. Каго лічыць журналістам? Паводле Закона, гэта супрацоўнік зарэгістраванага ў Беларусі СМІ. А калі ён фрылансер, — як акрэсліць яго прававы статус? У адпаведнасці з Законам фрылансер не можа лічыцца журналістам, хоць і займаецца журналісцкай дзейнасцю. БАЖ прапанавала прызнаць фрылансераў журналістамі і спыніць іх пераслед.
2. Якім чынам можна рэгуляваць інтэрнэт-СМІ? Гэтае пытанне пакуль адкрытае для дыскусій. Згодна з арт. 17 Закона, межы ўмяшання дзяржавы ў сферу распаўсюду інфармацыі праз інтэрнэт вызначае ўрад. Але, на думку БАЖ, прыняцце абмежавальных захадаў у дачыненні да інтэрнэт-прасторы не можа ажыццяўляцца на ўзроўні ўрадавых пастаноў.
3. Як процідзейнічаць манапалізацыі СМІ? Паводле Закона (арт. 6), манапалізацыі не павінна быць увогуле. Але яна ёсць! Гэта тычыцца не толькі тэлебачання і радыё, але і асобных дзяржаўных друкаваных выданняў. Іх разавы тыраж значна перавышае агульны наклад усіх незалежных перыядычных выданняў краіны. Атрымоўваецца, што ніякага кантролю за канцэнтрацыяй сродкаў масавай інфармацыі няма і антыманапольнае заканадаўства не дзейнічае. Таму БАЖ прапанавала прыняць спецыяльны закон па дэманапалізацыі СМІ.
4. Чаму акрэдытацыя з’яўляецца перашкодай для дзейнасці журналістаў? Паводле Закона (арт. 35), журналісты маюць права на акрэдытацыю, але задаволіць іх права ці не, вырашаюць адпаведныя органы і службовыя асобы. Што тычыцца акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, то гэтым займаецца выключна Міністэрства замежных спраў, якое часта адмаўляе «няправільным» журналістам. Мы гэта расцэньваем як забарону на прафесію. БАЖ прапанавала спрасціць працэдуру акрэдытацыі або зусім яе скасаваць.
5. Забарона на распаўсюд інфармацыі. Паводле Закона (арт. 38), забараняецца распаўсюджваць даволі шырокі спектр інфармацыі, у прыватнасці, калі гэта вызначана «...актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь». БАЖ лічыць, што такое абмежаванне супярэчыць Канстытуцыі (арт. 33 і 34), а таксама міжнародным нормам.
6. Як абараніць крыніцы інфармацыі? У адпаведнасці з Законам (арт. 39) рэдакцыя СМІ абавязана раскрыць крыніцы інфармацыі па патрабаванні не толькі суда, але і органа папярэдняга расследавання (чаго раней не было. — Аўт.). Тут адкрываюцца неабмежаваныя магчымасці для ўцягвання журналістаў у крымінальны працэс, калі па акалічнасцях справы былі публікацыі ў сродках масавай інфармацыі. БАЖ настойвае на выключэнні органаў папярэдняга расследавання з ліку суб’ектаў, правамоцных патрабаваць ад журналіста раскрыцця крыніц інфармацыі.
7. З якой нагоды могуць ініцыяваць закрыццё газет? Згодна з п. 1 арт. 51 Закона выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем суда паводле іску Міністэрства інфармацыі альбо пракурора. Але ці належыць гэтая функцыя да кампетэнцыі пракурораў? Якая ім справа да выпуску газет? БАЖ прапануе не турбаваць пракуратуру «па дробязях», бо ёй і без таго хапае сур’ёзнай працы па назіранні за выкананнем законнасці.
У чарговым лісце БАЖ на адрас беларускіх дэпутатаў ёсць шэраг іншых прапаноў па змяненні заканадаўства аб СМІ з мэтай паляпшэння іх дзейнасці. Магчыма, гэтым разам дэпутаты вернуцца са сваёй цёплай, бесклапотнай і сытай планеты да рэчаіснасці і звернуць увагу на зямныя турботы журналістаў.
Аптымальны варыянт
Зразумела, што пры цяперашняй уладзе спадзявацца на хуткае забеспячэнне свабоды СМІ не выпадае. Аднак наша права на прафесію і цывілізаванае вырашэнне праблем у сферы СМІ трэба адстойваць.
Дзяржаўная манаполія павінна быць скасаваная. Замест яе неабходна стварыць грамадскае тэлебачанне і радыё, а таксама ўмовы для развіцця прыватных (незалежных) каналаў і станцый. Прэса таксама павінна быць вольнай. Зразумела, што такія прапановы выклікаюць хваляванні ў Міністэрстве інфармацыі, якое мусіць застацца без «працы». Не зусім так, бо Закон аб СМІ патрэбны. Аднак ён не павінен быць такім абмежавальным і рэпрэсіўным, як зараз. Закон абавязаны ўтрымліваць толькі агульныя нормы па арганізацыі і дзейнасці СМІ. Усё астатняе — клопат саміх рэдакцый і органаў журналісцкага самакіравання.
Кантролем за выкананнем заканадаўства і журналісцкай этыкі мусяць займацца самі журналісты, аб’яднаныя ў прафесійныя карпарацыі. Можна стварыць выбарчыя органы, у тым ліку выбраць упаўнаважанага па свабодзе прэсы.
Што да тэлебачання і радыё, то варта стварыць Нацыянальны савет па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Такія інстытуцыі даўно і паспяхова працуюць у дэмакратычных еўрапейскіх краінах.