У офісе ГА “БАЖ” прайшла сустрэча з Міхаілам Кукабакам
Сяброўская сустрэча вядомага савецкага дысідэнта Міхаіла Кукабакі з кіраўніцтвам журналісцкага аб’яднання тычылася сітуацыі ў сферы медыя, праблем свабоды слова, публікацыі ўспамінаў, захавання гістарычнай спадчыны.
Адным з асноўных правіл свайго жыцця Міхаіл Кукабака лічыць самакрытычнасць і здольнасць ацэньваць кожную з’яву і факт з розных бакоў. Менавіта таму ён, па ўласным прызнанні, і вырашыў сустрэцца з сябрамі незалежнага журналісцкага аб’яднання.
– Упэўнены, што ўсім нам часцей трэба глядзець на сябе звонку, каб убачыць уласныя хібы. Гэтага вельмі не хапае сённяшнім беларускім і расійскім уладам, – дадае вядомы дысідэнт.
Па словах Кукабакі, яго вельмі хвалюе лёс і незалежнасць Беларусі.
– Мы маем вялізнага імперскага суседа на Усходзе, уплыў якога Беларусь адчувае кожны дзень. Таму ўсёй беларускай інтэлігенцыі варта заўсёды гэта памятаць і працаваць на адраджэнне ўласнай самабытнасці, культуры, гаспадаркі.
Кіруючым элітам вельмі важна дбаць пра эканамічную незалежнасць краіны. Калі на такія простыя ісціны не будуць забывацца, Беларусь будзе мець росквіт і незалежнасць. Бо я заўсёды люблю паўтараць, што імперыя і дэмакратыя – паняцці цалкам супрацьлеглыя. Таму не варта чакаць ніякіх сапраўдных дэмакратычных памкненняў з боку Крамля, – гаворыць Кукабака.
Адметна, што напярэдадні візіту ў офіс ГА “БАЖ” Міхаіл Кукабака наведаў родны Бабруйск, дзе жыў да сваёй высылкі ў Сібір, а пасля вярнуўся ў 40-гадовым узросце. Як распавядае былы дысідэнт, у сераду на сустрэчу ў родным горадзе прыйшоў нават ягоны колішні сусед, на абарону якога ў далёкім 1976 годзе стаў Кукабака.
– Майго суседа, маладога чалавека, збіраліся выселіць з працоўнага інтэрната за банальнае спазненне дахаты. Справа ў тым, што ўваход у інтэрнат быў дазволены да поўначы. Мой жа сусед праводзіў чалавека на цягнік і вярнуўся на некалькі хвілін пазней тэрміну. У абарону сябра я напісаў вялікі фельетон у колішні часопіс “Вожык”, адкуль неўзабаве ў Бабруйск прыехаў карэспандэнт.
Не ведаю, ці выйшаў у “Вожыку” той матэрыял, але загад аб высяленні майго суседа з інтэрната адміністрацыя адмяніла. А я займеў сябра і прыхільніка на ўсё жыццё, – распавядае Кукабака.
Нагадаем, што сёння вечарам у Мінску адбудзецца яшчэ адна сустрэча з Кукабакам – у офісе інтэрнэт-партала TUT.BY. Партал будзе весці інтэрнэт-трансляцыю гэтага мерапрыемства.
Гістарычная даведка:
Міхаіл Кукабака нарадзіўся і рос у Бабруйску, пяць гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме і 16-гадовым выпускніком рамеснага вучылішча, быў пасланы ў Сібір на «будоўлю камунізму». Пасля войска, а служыў у Забайкаллі і на Далёкім Усходзе, жыццё закідвала яго ў розныя рэгіёны Савецкага Саюза – Узбекістан, Казахстан, Украіну, Расію. Горадам, дзе пачалася яго актыўная дысідэнцкая дзейнасць, называе Кіеў – там здарыўся і першы выклік у КДБ. Упершыню быў арыштаваны, калі пражываў ва Уладзімірскай вобласці, пад Масквой, у 1970 годзе. З тых часоў пачалася яго турэмна-лагерная эпапея.
У Бабруйск Міхась Кукабака вярнуўся ў 40-гадовым узросце – улетку 1976 года, пасля шасці гадоў зняволення. Але рэпрэсіі ў дачыненні да яго працягваліся і тут: ён двойчы (увосень 1976-га і ўвосень 1977-га) быў прымусова шпіталізавалі ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Даведзены да адчаю немагчымасцю зняць з сябе дыскрымінуючы ярлык «псіхічнахворага» і скрайняй бытавой неўладкаванасцю, вясной 1977 года ён звяртаўся ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР з просьбай пра дазвол эміграваць, у чым яму было адмоўлена. Гэты факт адлюстраваны ў тэксце «Скрадзеная Бацькаўшчына» – у гэтым нарысе ён апісвае сваё вяртанне ў горад дзяцінства. У зробленай пазней заўвазе аўтар паведамляе, што гэты нарыс увайшоў у матэрыялы абвінавачванні па чарговай "крымінальнай" справе. У кастрычніку 1978 года Міхась Кукабака зноў быў арыштаваны, у чэрвені 1979-га ў Бабруйску асуджаны па палітычных матывах да новага лагернага тэрміну.
Актыўны змагар з камуністычным рэжымам, за плячыма якога чатыры палітычныя судзімасці і каля 17 гадоў зняволення ў турмах, лагерах і псіхбальніцах, быў апошнім «палітычным» у пермскіх лагерах праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне, і быў вызвалены ў снежні 1988 года ў сувязі з "гарбачоўскай амністыяй палітвязняў". Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачаннях у 1991 годзе, тады ж вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Вядомы дысідэнт ізноў быў вымушаны з'ехаць, перабраўся ў Маскву, дзе жыве і цяпер.