Журналісты: праблема аўтарскага права па-ранейшаму актуальная для Беларусі
У Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пацікавілася ў калег, ці паляпшаецца, па іх назіраннях, сітуацыя з захаваннем аўтарскага права ў беларускай журналістыцы?
Алена Якжык, інтэрнэт-газета “Салідарнасць”
– Безумоўна, мы ўжо перажылі той нялёгкі перыяд ад шасці да года таму назад, калі інтэрнэт-выданні дазвалялі сабе капіраваць у калег гатовыя артыкулы без усялякіх спасылак і згадак. Тады журналісты маглі сур’ёзна спрачацца пра гэта паміж сабой, выносілі гэтыя пытанні на разгляд камісій па журналісцкай этыцы.
Гэтая праблема вельмі шырока абмяркоўвалася ў журналісцкай супольнасці, што дало вельмі добры вынік – беларускія журналісты пачалі прытрымлівацца правілаў этыкі і заканадаўства аб аўтарскім праве.
Нават калі нейкае выданне адразу і не спашлецца дзесьці на наш арыгінальны матэрыял, то заўсёды папросіць прабачэння і выправіцца пасля звароту да іх. Безумоўна, па-ранейшаму застаюцца некаторыя рэсурсы, які сістэматычна парушаюць аўтарскія правы. Але зараз гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла.
У “Салідарнасці” мы заўсёды імкнёмся паважаць працу сваіх беларускіх і замежных калег, заўсёды даем прамыя спасылкі на першакрыніцу і падпісваем матэрыялы.
Таццяна Каравянкова, інфармацыйная кампанія “БелаПАН”
– Парушэнні маіх аўтарскіх правоў я па-ранейшаму заўважаю, хоць гэтага сёння значна меней, чым 5-7 год таму.
На дадзены момант, думаю, асноўная праблема ў тым, калі рэсурсы бяруць твой аўтарскі матэрыял, а спасылку на першакрыніцу хаваюць дзе-небудзь у сярэдзіне тэксту. І для недасведчанага чытача выглядае, нібыта гэта матэрыял не кампаніі “БелаПАН”, а менавіта таго рэсурсу. І па такім выпадку ты ўжо не будзеш звяртацца ў Камісію па этыцы БАЖ. Застаецца разлічваць толькі на інтэлігентнасць і добрыя манеры калегаў.
Для мяне таксама вельмі актуальныя выпадкі, калі робіш інфармацыйнае паведамленне пра якую-кольвек заяву ці рэзалюцыю міжнародных структур – напрыклад, ЕС, ПАСЕ, АБСЕ), а калегі “здзіраюць” зроблены табой пераклад і выдаюць яго за свой. У такіх выпадках сапраўды робіцца сумна.
Андрэй Бастунец, юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
– Калі паглядзець статыстыку рашэнняў Калегіі па інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суду Беларусі, то становіцца зразумелым – праблема аўтарскага права па-ранейшаму актуальная.
Хоць колькасць рашэнняў Калегіі – гэта толькі вяршыня айсбергу, тыя выпадкі, якія дайшлі да судовага разгляду. Сапраўдная ж колькасць такіх выпадкаў значна большая. Проста, на жаль, часта парушэнне аўтарскіх правоў у беларускім грамадстве ўспрымаецца як норма. Таму праблема па-ранейшаму вельмі актуальная.
Аксана Бровач, фрылансер
– На мой погляд, праблема аўтарскага права нават і не збіраецца вырашацца ў Беларусі. Прынамсі, я не ведаю ніводнага выпадку, каб чалавек, чые правы былі парушаныя, дамогся праўды.
З кантактаў з калегамі ў мяне склалася перакананне, што ад усіх гэтых высілкаў не будзе ніякага плёну. Таму мае сябры стараюцца дадзеную праблему вырашаць асабіста, але ў выніку маем сітуацыю, калі адзін выбачыўся, а заўтра скраў іншы.
У цывілізаваным свеце існуюць моцныя судовыя прэцэдэнты, але ў нас чамусьці так ніхто не робіць.
Паўлюк Быкоўскі, тыднёвік “Беларусы і рынак”
– Аўтарскае права для Беларусі – па-ранейшаму вельмі важнае і актуальнае пытанне, якое пакуль не знайшло тут адназначнага вырашэння. З аднаго боку, існуе кансенсус адносна таго, што красці журналісцкія тэксты нельга, але што тычыцца ілюстрацый і відэа – з гэтым існуюць пакуль сур’ёзныя праблемы.
Але ў цэлым ёсць рух у бок прызнання хаця б не матэрыяльных, а аўтарскіх правоў журналістаў. Прынамсі, імкненне ў гэтым кірунку. Але, на мой погляд, пакуль не адбудзецца нейкіх гучных судовых працэсаў, праблема будзе выглядаць збольшага тэарэтычнай і разглядацца, хутчэй, як маральная-этычная, а не прававая.
Фотаздымкі: facebook Алены Якжык, Андрэя Бастунца, Таццяны Каравенковай і Паўлюка Быкоўскага.