Юрыст: Распаўсюджваць маланакладныя незарэгістраваныя выданні можна без дамовы
Пасля ўступлення ў сілу закона «Аб сродках масавай інфармацыі» супрацоўнікі міліцыі часам абвінавачваюць распаўсюднікаў маланакладных газет у незаконным распаўсюдзе прадукцыі СМІ. Толькі за апошні тыдзень адбылося ўжо два падобных выпадкі.
Сябра ГА "БАЖ" Георгія Станкевіча з Бешанковічаў ужо двойчы штрафавалі за распаўсюд самвыдатаўскай газеты “Крывінка” і днямі зноў склалі на яго пратакол.
А ў жыхара Смаргоні Уладзіміра Шульжыцкага 20 сакавіка правялі «агляд жылля» – за тое, што ён распаўсюджваў маланакладны бюлетэнь. Маладога чалавека затрымалі ў фае аднаго з інтэрнатаў Смаргоні з 31 асобнікам самвыдатаўскага бюлетэню “Смаргонскі грак”.
Між тым, юрысты, якія спецыялізуюцца на заканадаўстве ў галіне СМІ, упэўненыя, што гэта – яўнае перавышэнне паўнамоцтваў і адвольная трактоўка закона.
Сітуацыю каментуе намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец:
“У адпаведнасці з п.п. 7.4. арт. 13 закона “Аб СМІ”, не патрабуецца дзяржаўнай рэгістрацыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, якія выходзяць у свет накладам да 299 асобнікаў.
Аднак праваахоўнікі спасылаюцца на тое, што ў адпаведнасці з пунктам 1 арт. 17 закона «Аб сродках масавай інфармацыі» распаўсюд прадукцыі СМІ павінна ажыццяўляцца юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо на падставе дамовы паміж такой юрыдычнай асобай і распаўсюднікам СМІ. А паколькі ў распаўсюдніка (фізічнай асобы) няма дамовы з юрыдычнай асобай – рэдакцыяй СМІ, то ён, на іх думку, трапляе пад дзеянне п. 2 арт. 22.9. Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, які прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Лагічная нестыкоўка (як можа быць заключаны дагавор з рэдакцыяй – юрыдычнай асобай, калі рэдакцыя дзейнічае без утварэння юрыдычнай асобы?!) прадстаўнікоў праваахоўных органаў не турбуе.
Між тым, не толькі элементарная логіка, але і аналіз заканадаўства дазваляе сцвярджаць, што стварэнне юрыдычнай асобы для выканання функцый рэдакцыі СМІ патрабуецца толькі для выдання СМІ, якія падлягаюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі”.
Больш разгорнуты юрыдычны каментар на гэтую тэму можна знайсці ў рубрыцы “Права і СМІ”.
На гэтую ж тэму: