Хакеры і ананімы актывізаваліся ва ўсіх рэгіёнах
За апошнія тыдні служба маніторынгу ГА “БАЖ” зафіксавала шмат розных выпадкаў з падобным почыркам.
Пра блакаванне незалежнага віцебскага сайта dyjalog.info паведаміў 21 сакавіка рэдактар рэсурсу Кастусь Мардзьвінцаў. Па яго інфармацыі, справа ў дасланым вірусе, і ён перакананы, што гэта зроблена знарок.
"Выпадкова такое здарыцца не магло. Я адсачыў, што вірус дасланы аднекуль з Нідэрландаў. Але гэта няпэўна, бо ёсць мноства сродкаў, каб схаваць сапраўднае месцазнаходжанне тых, хто хоча нашкодзіць. Сайт перастаў адчыняцца з мінулага вечара, камп’ютар паведамляе пра памылку," – распавёў Кастусь Мардзьвінцаў.
Апошнія матэрыялы, размешчаныя на сайце, тычыліся выбарчай кампаніі, а таксама скандальнага факту – масавага атручання вязняў у аршанскай калоніі.
Перастаў адчыняцца і сайт газеты "Витебский курьер". Але апошнім часам ён абнаўляўся даволі рэдка, таму ніхто не можа дакладна сказаць, што з ім здарылася і як даўно сайт не працуе.
Нагадаем, што ў тым жа Віцебску мясцовым незалежным журналістам нядаўна пачалі рассылаць фотаздымкі, нацэленыя на дыскрэдытацыю мясцовага апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты Хрыстафона Жаляпава.
У Магілёве 14 сакавіка на інтэрнэт-сайце “Свабодны фармат” без ведама супрацоўнікаў рэдакцыі з’явіліся артыкулы, якія дыскрэдытавалі і зневажалі грамадскіх і палітычных актывістаў Магілёўскай вобласці. А мясцовы журналіст Аляксандр Буракоў паведаміў, што невядомая асоба рассылае вялікай колькасці людзей правакацыйныя лісты ад яго імя з “левага” электроннага адраса a.burakov74@gmail.com.
У Бабруйску, таксама ў сакавіку, дзве кандыдаткі ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» атрымалі па электроннай пошце абразлівыя і пагрозлівыя лісты, якія зыходзілі нібыта ад журналісткі «Бобруйского курьера», сябры ГА “БАЖ” Марыны Маўчанавай. Журналістка кажа, што гэта не яе паштовая скрыня, хаця яе стваральнік яўна імкнуўся імітаваць гэта. Наўзабаве і сама журналістка атрымала ліст з пагрозай ад нейкага ананіма.
У Мінску на пачатку сакавіка ад імя апазіцыйнай партыі левых “Справядлівы свет” у недзяржаўныя СМІ паступіла “ліпавая” заява па сітуацыі ва Украіне. Кіраўніцтва партыі сцвярджае, што ніякага дачынення да гэтага тэксту не мела.