Мультымедыя: «фішкі» для СМІ (Апошні дзень!)
Навучальны курс для журналістаў.
Юзерам падабаецца інфармацыя, якая падаецца найбольш эфектыўным і элегантным спосабам — хутка, проста, вычарпальна і дасціпна. Ад журналістаў гэта вымагае асаблівага майстэрства ствараць навіны ў прывабнай сумесі фарматаў: тэкст, фота, аўдыё, відэа, інфаграфіка.
Ці ў стане авалодаць усім гэтым адзін чалавек? Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова з дапамогай нашых трэнераў аздобіць свой журналісцкі матэрыял мультымедыйнымі «фішкамі».
Арыентаваны на 90% на набыццё практычнага досведу курс «Мультымедыя: «фішкі» для СМІ» — для тых, хто ўжо працуе ў журналістыцы, аднак жадае стаць універсальным вэб-журналістам.
Пасля заканчэння курса слухачы будуць ведаць:
— што такое мультымедыя і якія спосабы дазваляюць «зачапіць» вэб-карыстальніка;
— інструменты, якія дапамагаюць выкладаць сюжэт коратка, але зразумела і вычарпальна;
— асноўныя характарыстыкі анлайн-тэксту і яго адрозненні ад тэксту газетнага;
— сервісы, якія дазваляюць з выкарыстаннем Сеціва візуалізаваць інфармацыю;
— як удала выкарыстоўваць інфаграфіку;
— што такое анлайн-відэа і аўдыё і як ствараць іх з найменшымі матэрыяльнымі выдаткамі.
Пасля заканчэння курса слухачы будуць умець:
— пісаць тэксты для Сеціва з улікам запытаў вэб-карыстальнікаў і «капрызаў» робатаў;
— шукаць, выбіраць і апрацоўваць фотаздымкі для сайта;
— выкарыстоўваць элементарныя функцыі графічных і таблічных рэдактараў для стварэння інфаграфікі;
— выкарыстоўваць картаграфічныя сервісы для візуалізацыі кантэнту сайта;
— здымаць, апрацоўваць і выстаўляць на сайт уласнае аўдыё і відэа.
Да ўдзелу запрашаюцца: Журналісты, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты, якія ўжо маюць досвед працы ў журналістыцы, але зацікаўленыя ў тым, каб навучыцца працаваць у вэб-журналістыцы, з Мінска і рэгіёнаў.
Лепшыя з навучэнцаў па выніках курса атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой.
Увага: для ўдзелу у курсе абавязкова мець ноўтбук і мабільны тэлефон з вэб-камерай.
АПІСАННЕ КУРСА:
Курс «Мультымедыя: «фішкі» для СМІ» распачнецца 12 красавіка і скончыцца 28 чэрвеня.
Складаецца з васьмі заняткаў і майстар-класу замежнага трэнера ў Вільні.
Заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах.
Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе «Мультымедыя: «фішкі» для СМІ»прымаюцца па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Multimedia»). Апошні тэрмін — 7 красавіка.
Колькасць месцаў абмежаваная.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.