“Украінскі крызіс”. ГА “БАЖ” далучылася да кампаніі Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў
Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў запусцілі кампанію “Украінскі крызіс”. У межах кампаніі МФЖ, ЕФЖ і іх філііі дасылаюць звароты да прэзідэнта і ўрада Украіны з патрабаваннем спыніць гвалт супраць журналістаў і забяспечыць ім бесперашкодны доступ да месцаў падзеяў для іх асвятлення.
“Звяртаемся да вас... з заклікам спыніць запалохванне і гвалт у дачыненні да журналістаў ва Украіне, – гаворыцца ў пасланнях арганізацый. – Таксама выказваем салідарнасць з нашымі калегамі ва Украіне і заклікаем ваш урад паважаць права на свабоду выказвання меркавання і свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў вашай краіне”.
Журналісцкія арганізацыі прыводзяць факты фізічнага гвалту ў дачыненні да калег, сабраныя партнёрскімі структурамі Украіны, а таксама пералічваюць іншыя захады ўкраінскіх уладаў, скіраваныя на ўціск незалежнай журналістыкі: закрыццё тэлеканалаў, захоп камп’ютараў, спробы дэпартацыі замежных журналістаў.
“Гэтыя ўчынкі накіраваныя на стварэнне атмасферы страху сярод журналістаў і знішчэнне свабоды слова, мірных сходаў і палітычнага плюралізму ва Украіне. Яны наўмысна скіраваныя на абмежаванне незалежнага асвятлення дэманстрацый, якія адбываюцца па ўсёй краіне.
Мы заклікаем ваш урад пакласці канец гэтай абуральнай непавазе да правоў і свабодаў супрацоўнікаў СМІ і забяспечыць журналістам магчымасць асвятляць пратэсты, не асцерагаючыся пагрозаў і гвалту. Мы спадзяемся, што вы разгледзіце належным чынам нашу просьбу і з нецярпеннем чакаем станоўчай рэакцыі ад вашага ўраду для вырашэння гэтай надзвычай сур’ёзнай праблемы”, – гаворыцца ў зваротах журналісцкіх арганізацый.
МФЖ забяспечвае інфармацыйную падтрымку кампаніі і прапаноўвае фонд дапамогі для судовых, медыцынскіх патрэбаў і вырашэння пытаннняў бяспекі.