“Чырвоны аловак” – гісторыя савецкай цэнзуры ў Беларусі ў двух тамах
“Пры дзяржаўнай манаполіі будзе тое, пра што напісана ў “Чырвоным алоўку””, – кажа аўтар кнігі, гісторык Аляксандр Гужалоўскі. Цікава, што да выпуску кнігі спрычыніўся выдавецкі дом “Звязда”.
“Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР. 1919-1941 гг..” Для гэтай кнігі гісторык Аляксандр Гужалоўскі збіраў матэрыялы тры гады. Гэта першая частка даследавання пра савецкія інстытут цэнзуры ў Беларусі – “Галоўлітбел”. Прэзентацыя кнігі прайшла 14 лютага ў Мінску.
“Рэдактар ушацкай раённай газеты “Прымежны калгаснік” Берман, імкнучыся пазбегнуць памылак друку, па 3-5 разоў перачытваў гранкі. Гэта выклікала незадаволенасць машыніста друкарні Сакалова: друкаванне газеты зацягвалася за поўнач. 7 снежня 1935 г. Берман быў асабліва ўважлівы. Наступнай раніцай выходзіў нумар з выступленнем Сталіна на нарадзе камбайнёраў, і вычытваць яго трэба было пяць разоў. Гэта канчаткова вывела з сябе Сакалова. Ён вырашыў адпомсціць і замест імя “Сталін” набраў “Сралін”. Па выніках следства НКУС нумар газеты быў адабраны, Берман звольнены і выключаны з партыі, начальнік райліта Церахаў зняты з работы з вымовай, Сакалоў арыштаваны”.
Аляксандр Гужалоўскі
Прыклады тагачаснай штодзённасці рэдактараў СМІ займаюць цэлы раздзел нарысаў. У асобных главах апісваецца цэнзура “Галоўлітбелу” ў літаратуры, публічных грамадскіх мерапрыемствах і іншых сферах жыцця. Прафесар БДУ Аляксандр Гужалоўскі лічыць, што гэта ўсяго 30-40% ад таго, што можна было б напісаць, калі б фонды “Галоўлітбелу” цалкам захаваліся.
– Ёсць некалькі варыянтаў, куды яны маглі знікнуць, – расказаў гісторык. – Паводле архівіста Віталя Скалабана, фонды “Галоўлітбелу” маглі быць знішчаны пад час масавых рэпрэсій супраць саміх супрацоўнікаў гэтай арганізацыі ў 1937 годзе. “Галоўлітбел” фармальна быў часткай Народнага камісарыяту асветы, фонды якога зніклі ў перыяд 1941-1944 гадоў. Я спрабаваў трапіць у архівы КДБ. За подпісам рэктара я накіроўваў на імя старшыні КДБ запыт пра лёс канкрэтнага чалавека. Адказ, які рэальна атрымаць, – быў ці не быў рэпрэсаваны гэты чалавек і ці ён рэабілітаваны. Гэта ўсё. Калі я хачу даследваць пэўную тэму, гэта немагчыма.
Аляксандр Гужалоўскі планаваў друкаваць сваю працу ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. “Пакуль я скончыў, яго ўключылі ў склад выдавецкага дома “Звязда”, – расказаў аўтар.
Дарэчы, пра цэнзуру ў аднайменным дзяржаўным штодзённіку гісторык не раз узгадвае на старонках “Чырвонага алоўку”.
– У кнізе цікава пададзена карціна паводзінаў цэнзараў і іх наступстваў. Што можна супрацьпаставіць цэнзуры? Розныя выданні выкладаюць розныя пазіцыі, і ім неабходна даваць права на жыццё, як і розным думкам, – пракаментаваў рэдактар сённяшняй “Звязды” Аляксандр Карлюкевіч.
Аляксандр Гужалоўскі і дырэктар выдавецкага дома і рэдактар газеты "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч
Працяг даследавання пра цэнзуру будзе называцца гэтаксама – “Чырвоны аловак” – і ахопліваць перыяд з 1944 па 1991 год.
– У сваёй працы я не зрабіў нейкіх вялікіх адкрыццяў. Усё гэта было вядома, – кажа Аляксандр Гужалоўскі. – Перадусім для мяне гэта адказ на пытанне пра сённяшні дзень. Інакш і быць не магло з такім гістарычным багажом. Цэнзуры можна супрацьстаяць, калі будуць альтэрнатывы дзяржаўным адукацыйным, медыйным, выдавецкім і іншым структурам. Павінна быць грамадская супрацьвага. Пры дзяржаўнай манаполіі будзе тое, пра што напісана ў “Чырвоным алоўку”.
“Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР. 1919-1941гг..” даступны на сайце інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.