“Толькі не трэба нам вось гэтых журналісцкіх штучак”


Журналістаў затрымалі за фатаграфаванне чыноўніка ў нефармальнай абстаноўцы.

Пра інцыдэнт, які здарыўся днямі ў Мінску, распавяла супрацоўніца інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Алена Якжык у публікацыі “Как «благодаря» Латушко я побывала в «бандитских 90-х»”.

1 снежня ў сталічным клубе «Цэнтр», дзе праходзіў музычны канцэрт, Алену і фатографа, які па яе заданні рабіў на мерапрыемстве здымкі, затрымала ахова.  

Гэта адбылося пасля таго, як журналістка папрасіла калегу сфатаграфаваць прысутнага на канцэрце былога міністра культуры, цяперашняга амбасадара Беларусі ў Францыі Паўла Латушку, піша Алена Якжык.

Як высветлілася, госць не хацеў, каб яго здымкі патрапілі ў СМІ.

Ахоўнікі і адміністрацыя клуба запатрабавалі, каб фатограф выдаліў здымкі і паабяцаў іх не публікаваць, а таксама запісалі яго кантактныя дадзеныя. Алену Якжык адпусцілі толькі пасля яе размовы з самім сп-ром Латушкам, які сказаў, што яна можа ісці.

Журналістка знаходзілася на мерапыемстве паводле акрэдытацыі.

“Я сказала, што з’яўляюся журналістам, што з боку прадстаўнікоў клуба  адбываецца стварэнне перашкодаў маёй прафесійнай дзейнасці...,  і што Латушка – гэта публічная асоба ў публічным месцы. У адказ прагучала нешта з серыі: “Толькі не трэба нам вось гэтых журналісцкіх штучак”, “Вы наогул не маеце права тут здымаць”. І гэта не лічачы завуаляваных зняваг і пагроз”, – распавядае Алена Якжык у сваім артыкуле

Журналістка прыводзіць у публікацыі вытрымкі з некалькіх артыкулаў закона “Аб СМІ”: у прыватнасці, з арт. 6, паводле якога змушэнне журналіста СМІ да адмовы ад распаўсюду інфармацыі з’яўляецца “незаконным абмежаваннем свабоды масавай інфармацыі”, а таксама з арт. 34, які кажа, што згоды фізічнай асобы на вядзенне аўдыё-відэазапісу і фотаздымкаў не патрабуецца, калі яны праводзяцца ў адкрытых для масавага наведвання месцах.