“У мяне ёсць сябры, якія працавалі ці працуюць у дзяржаўных СМІ...”
Андрэй Пачобут даў анлайн-канферэнцыю на “Свабодзе”.
Фота Х. Марчук
Вось некаторыя вытрымкі з яго адказаў:
«У мяне ёсць сябры, якія працавалі ці працуюць у дзяржаўных СМІ. Там таксама розныя людзі працуюць, узгадайце хаця б вядомую гісторыю відэароліка "Схавай бабулін пашпарт", які быў зроблены супрацоўнікамі БТ. На самой справе, раней ці пазней кожны патрапляе ў сітуацыю, калі трэба вырашаць - застацца прыстойным чалавекам і не згубіць самапавагу ці стацца марыянеткай. І такіх маладых і старых марыянетак, якія гатовыя выканаць любы загад у афіцыйным агітпропе, канешне ж большасць...”
«Усё ж такі рэжым Александра Лукашэнкі вымушаны лічыцца з міжнароднай думкай, асабліва цяпер, калі беларуская гаспадарка знаходзіцца ў пэрманентным крызысе і ўладзе надта патрэбныя крэдыты. Мой лёс, і тое, што я цяпер на абмежаванай, але усё ж такі волі, даводзяць, што рэзалюцыі, ноты і патрабаваньні усё ж такі узьдзейнічаюць...”
“Я звычайна не даю паказанняў да суду. Проста чакаю, калі следства пабудуе сваю версію і пасля, азнаёміўшыся з ёй, будую сваю стратэгію абароны. Але нейкіх універсальных парадаў тут няма... Што тычыцца турмы, то класічнае – “не вер, не бойся, не прасі”. У турме, калі чалавек ізаляваны ад навакольнага свету, шмат залежыць ад таго, колькі ў яго сапраўдных сяброў на волі. Дзякуй Богу, у мяне іх шмат, і ні ў кім я не расчараваўся...”
“Я лічу сваёй радзімай і Беларусь і Польшчу. Увогуле думаю, што такі падыход характэрны для нацыянальных меншасцяў. На самой справе менавіта нацыянальныя мяншыні заўсёды зацікаўлены, каб адносіны паміж абодвума Радзімамі былі найлепшымі -- інакш "вайна" будзе ў душы ў чалавека... Я адчуваю сябе тутэйшым чалавекам, я надта ментальна прывязаны да Гарадзеншчыны, якую лічу найлепшым месцам на свеце. Гэта галоўная прычына, чаму, нягледзячы на ўвесь гэты пераслед, я не з’язджаю...”
Чытаць таксама:
БАЖная персона. Андрэй Пачобут: “Нават у турме я адчуваў сябе свабодным чалавекам” (ШМАТ ФОТА)