У Магілёве ідэолагі забаранілі трансляцыю тэлепраграм эратычнага зместу
Ідэалагічнае ўпраўленне Магілёўскага аблвыканкама выступіла цэнзарам праграм кабельнага аператара “Тэлеком”.
Вось ужо другі тыдзень магілёўскія спажыўцы праграм кабельнай вяшчальнай сеткі “Тэлеком” пазбаўленыя магчымасці прымаць тэлеканал “ТВ 1000”, на якім дэманстраваліся замежныя кінастужкі і перадачы пра кіназорак амерыканскай і еўрапейскай кінаіндустрыі.
З’яўленне на месцы “ТВ 1000” праграм расійскага праваслаўнага тэлеканала “Благовест” кабельны вяшчальнік патлумачыў сваім карыстальнікам забаронай на вяшчанне канала “ТВ 1000”, якую ён атрымаў з абласнога ідэалагічнага ўпраўлення.
Як паведамляецца ў адмысловым распараджэнні ідэалагічнае ведамства за №94 ад 04.04.2007г., рашэнне аб спыненні трансляцыі гэтага каналу прынятае на падставе шматлікіх сігналаў ад тэлегледачоў і ў адказ на іхнюю просьбу, паколькі ў эфіры тэлеканала “ў начны час дэманструюцца перадачы эратычнага характару і зместу”.
У лісце не ўтрымліваецца ніякіх звестак пра правядзенне адпаведнай экспертызы “амаральных” перадач. Не прыводзіцца таксама ніякая іншая прычына.
Зараз на інфармацыйна-тэхнічным канале “Тэлеком” транслюецца абвестка пра “ліст з забаронай” разам з нумарам тэлефона ідэалагічнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама.