Журналіст абскарджвае штраф за "незаконную дзейнасць у інтарэсах замежных СМІ"
Карэспандэнт недзяржаўнага агенцтва БелаПАН Анатоль Гатоўчыц накіраваў апеляцыйную скаргу на рашэнне суда аштрафаваць яго на 2 базавыя велічыні (62 тысячы рублёў) за працяг “дзейнасці ў інтарэсах замежных СМІ”.
Як сцвярджаецца ў пастанове, вынесенай 26 сакавіка 2007 года суддзёй Цэнтральнага раёна Гомеля Марынай Дамненка, журналіст парушыў артыкул 23.1 новага Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях Рэспублікі Беларусь (“Невыкананне выражанага ва ўстаноўленай заканадаўствам форме патрабавання службовай асобы, якая ажыццяўляе дзяржаўны кантроль і нагляд, прадпісання органа дзяржаўнай бяспекі, прадстаўлення органа дзяржаўнай аховы”).
У 2006 годзе Гомельская абласная пракуратура выносіла А. Гатоўчыцу папярэджанне за падрыхтоўку матэрыялаў для “Радыё “Свабода” без акрэдытацыі. У сакавіку гэтага года з падачы Гомельскага ўпраўлення камітэта дзяржбяспекі пракуратура накіравала ў суд пратакол аб невыкананні журналістам гэтага папярэджання.
У апеляцыйнай скарзе журналіст указвае, што, па-першае, на момант здзяйснення так званых парушэнняў Адміністрацыйны кодэкс “не прадугледжваў адказнасці за невыкананне патрабаванняў, выкладзеных у афіцыйным папярэджанні”.
Па-другое, як звяртае ўвагу ў апеляцыі А.Гатоўчыц, ён не парушаў патрабавання Палажэння аб знаходжанні і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ, паколькі выступаў у якасці прадстаўніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Трэба адзначыць, што нават калі б журналіст самастойна дасылаў матэрыялы Беларускай службе “Радыё “Свабода”, гэта не з`яўлялася б парушэннем. Паколькі паводле беларускага заканадаўства (арт. 3 Закона “Аб друку…”) не толькі журналіст, але і любы грамадзянін мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, рыхтаваць матэрыялы, у тым ліку і для замежных СМІ, свабодна выказваць свае думкі і перакананні. Гэтая норма замацавана і ў арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.
У допісе ў вышэйшую судовую інстанцыю А. Гатоўчыц указаў таксама, што пасяджэнне, на якім разглядаўся пратакол пракуратуры, суддзя Марына Дамненка правяла ў закрытым рэжыме і адхіліла ўсё заяўленыя абаронцам журналіста хадайніцтвы, у тым ліку і просьбу выклікаць у суд у якасці сведак асоб, што фігуруюць у матэрыялах супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.
Слуханне справы па апеляцыі журналіста прызначана на 27 красавіка ў Гомельскім абласны судзе.
Нагадаем, 5 лютага 2007 года гомельская журналістка Юля Сальнікава таксама атрымала папярэджанне з пракуратуры Гомельскай вобласці аб недапушчальнасці парушэння закона “пры здзяйсненні журналісцкай дзейнасці ў якасці замежнага карэспандэнта”. У папярэджанні за подпісам пракурора Алега Палавінкі нагадваецца яшчэ аб адказнасці “за прадастаўленне несапраўдных звестак, якія накіроўваюцца ў замежныя сродкі масавай інфармацыі”.