У Оршы з накладам газеты "Свабода" затрымалі моладзевага актывіста


У Оршы супраць моладзевага актывіста Сяргея Гумінскага, які меў пры сабе асобнікі незарэгістраванай газеты "Свабода", узбуджана адміністратыўная справа за "распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выхадных дадзеных".

У Оршы супраць моладзевага актывіста Сяргея Гумінскага, які меў пры сабе асобнікі незарэгістраванай газеты “Свабода”, узбуджана адміністратыўная справа за “распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выхадных дадзеных”.

31 сакавіка а 8-ай гадзіне ўвечары на вуліцы Астроўскага ў Оршы Сяргея Гумінскага спыніў нарад міліцыі. Міліцыянты папрасілі паказаў рэчы і, знайшоўшы ў сумцы асобнікі малафарматнай газеты “Свабода”, прапанавалі праехаць “для высвятлення абставінаў” у гарадскі аддзел міліцыі.

У Аршанскім ГАУС на моладзевага актывіста склалі пратакол аб парушэнні артыкула 22.9. часткі 2 Адміністратыўнага кодэксу (“распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выхадных дадзеных”), наклад газеты адабралі (пра што зроблены запіс у пратаколе) і ўручылі павестку з патрабаваннем 3 красавіка явіцца для дачы паказанняў. Адпусцілі яго дзесьці праз 2 з паловай гадзіны пасля затрымання.

4 красавіка, калі хлопец прыйшоў па павестцы, яго пасля паўтары гадзіны чакання выклікалі да начальніка Аршанскага ГАУС Мікалая Данькова. Паводле слоў Гумінскага, у яго М. Данькоў распарадзіўся пакласці асобнікі “Свабоды” у сейф, патлумачыўшы, што зараз гэта будуць “рэчдокі”, а адзін асобнік газеты дамацаваў да пратакола.

“Начальнік ГАУС паведаміў, што дакументы накіроўваюцца ў КДБ, мяне яшчэ выклікаюць у КДБ, а потым будзе разгляд справы ў судзе”, – расказаў С.Гумінскі прэс-службе БАЖ.

Як заўважыў намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, “сам факт спынення супрацоўнікамі міліцыі і дагляду асабістых рэчаў міліцыянерамі выглядае сумнеўным з пункту гледжання заканадаўства”.

А.Бастунец звярнуў увагу, што ў дадзеным выпадку факту распаўсюду не было, і спасылка на артыкул 22.9. АК неправамерная. Больш за тое, згодна з новай рэдакцыяй працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, міліцыя не ўпаўнаважана складаць пратаколы па гэтым артыкуле.