Супраць палітыка А.Клімава ўзбуджана крымінальная справа за артыкул у інтэрнэце
3 красавіка ў Мінску арыштаваны грамадскі актывіст, дэпутат Вярхоўнай рады 13-га склікання Андрэй Клімаў. Пракуратура прад’явіла яму абвінавачванне па артыкуле 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (публічныя заклікі да гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнага ладу). Нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў артыкул за подпісам Андрэя Клімава, размешчаны на сайце www.ucpb.org, які напаўняюць прыхільнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
“Мы на гэты момант не ведаем, за які дакладна артыкул арыштаваны Андрэй Клімаў. Пакуль няма дакладнай інфармацыі, што падставай стаў артыкул ад 25 студзеня на сайце прыхільнікаў нашай партыі”, -- паведамілі ў прэс-службе АГП.
Зараз Андрэй Клімаў знаходзіцца ў пастарунку на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Згодна з крымінальным заканадаўствам, яго могуць пазбавіць волі тэрмінам да трох гадоў.
Нагадаем, у чэрвені 2005 года палітык быў пакараны зняволеннем па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю масавай дэманстрацыі 25 сакавіка ў 2005 годзе, тады ён выйшаў на волю ў снежні 2006 года.