БАЖ узняў праблемы дзейнасці недзяржаўных беларускіх СМІ на нарадзе парламенцкай асамблеі АБСЕ
Прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў прыняў удзел у дадатковай нарадзе парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая ладзілася ў Вене 29-30 сакавіка. Прадметам абмеркавання былі прызначаны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй асноўных свабод чалавека: свабоды збораў, свабоды аб’яднанняў і свабоды меркаванняў.
З беларускага боку ў рабоце нарады прынялі удзел як прадстаўнікі афіцыйнай улады (у прыватнасці, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі), так і дэлегаты ад беларускіх няўрадавых арганізацый. Усе ўдзельнікі мелі магчымасць выступіць па хвалюючых іх пытаннях.
У сваім выступе Міхаіл Пастухоў распавёў пра крытычную сітуацыю, якая склалася ў сферы дзейнасці незалежнай прэсы ў Беларусі.
Як прыклад ён прывёў лічбу, што сёння ў краіне з 1200 афіцыйна зарэгістраваных выданняў дзейнічае не больш за 30 незалежных газет грамадска-палітычнага накірунку.
Міхаіл Пастухоў звярнуў увагу, што за сваю пазіцыю гэтыя выданні падвяргаюцца розным дыскрымінацыйным мерам: з канца 2005 года яны не маюць магчымасці распаўсюджвацца па падпісцы і праз сетку кіёскаў, якія гандлююць перыядычнымі выданнямі. Некаторыя недзяржаўныя газеты – у прыватнасці, “Народная воля”, “Товарищ” – вымушаны друкавацца за межамі Беларусі.
У прамове было адзначана, што для дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы створаны няроўныя ўмовы працы. Недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні абмежаваныя ў магчымасцях размяшчаць рэкламу на сваіх старонках, паколькі прадпрыемствам і арганізацыям не рэкамендуюць у іх рэкламавацца. Дзяржчыноўнікі адмаўляюцца даваць інфармацыю карэспандэнтам гэтых газет.
Праваабаронца таксама прывёў прыклад з новага Адміністратыўнага кодэкса, дзе ў артыкуле 22-9 вызначана адказнасць за рознага роду парушэнні заканадаўства аб СМІ. На думку М. Пастухова, гэты артыкул можа прымяняцца якраз у адносінах незалежных друкаваных выданняў і іх журналістаў.
У завяршэнні выступу Пастухоў прапанаваў забяспечыць нармальныя ўмовы для дзейнасці незалежных выданняў у Беларусі, выключыць з Крымінальнага кодэксу артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і знявагу, у тым ліку ў адносінах кіраўніка дзяржавы, а таксама артыкул аб “Дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь”, які істотна абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў і не адпавядае міжнародным стандартам ў вобласці СМІ.
Па выніках працы нарады АБСЕ распрацуе рэкамендацыі, якія потым будуць накіраваныя на адрас усіх 56 дзяржаў-чальцоў АБСЕ.