У Пінску не дазволілі прадаваць у крамах недзяржаўны тыднёвік "Мясцовы час"


У пінскай недзяржаўнай газеты “Мясцовы час” сёлета яшчэ больш ускладніліся праблемы з рэалізацыяй. Калі раней частку газет, якія друкаваліся для рознічнага гандлю, прадавалі ў вялікіх прадуктовых крамах прыватныя распаўсюднікі, то зараз такая форма рэалізацыі “Мясцовага часу” скасаваная.

У пінскай недзяржаўнай газеты “Мясцовы час” сёлета яшчэ больш ускладніліся праблемы з рэалізацыяй. Калі раней частку газет, якія друкаваліся для рознічнага гандлю, прадавалі ў вялікіх прадуктовых крамах прыватныя распаўсюднікі, то зараз такая форма рэалізацыі “Мясцовага часу” скасаваная.

Ўсё таму, што ў крамах размясцілі спецыяльныя стойкі для продажу друкаваных выданняў. Газет там сапраўды шмат, напрыклад, ва ўніверсаме “Ясельда” на вуліцы Дняпроўскай флатыліі ў Пінску наш карэспандэнт налічыў ажно 15 выданняў. Аднак “Мясцовага часу” там няма.

На пытанне, чаму ў продажы толькі дзяржаўныя газеты, прадавец паціснула плячыма і параіла звярнуцца ў гарвыканкам.

Перад гэтым у гарвыканкам Пінска з просьбай дазволіць прадаваць газеты ў прадуктовых крамах звярнуўся рэдактар “Мясцовага часу” Віктар Ярашук. Аднак атрымаў адмову. Рэдактару патлумачылі, што на стойках не хапае месца для ўсіх выданняў.

Таксама ў Пінску не прадаецца ўжо доўгі час недзяржаўная рэгіянальная газета “Брестский курьер”. Яе няма ні у шапіках, ні у фірмовай краме “Прэса”, дзе, падаецца, ўдосталь месца для размяшчэння любых выданняў. За высвятленнем сітуацыі журналіст Валянціна Наварыч звярнулася да загадчыцы аддзела ідэалогіі Пінскага гарвыканкама Валянціны Кулак.

“Ідэолаг Валянціна Кулак палічыла, што раз гэтыя газеты не прадаюцца, значыцца на іх няма попыту ў пакупнікоў. Яна паабяцала вывучыць праблему глыбей і патэлефанаваць мне да канца рабочага дня. Аднак не патэлефанавала ні ў той дзень, ні на наступны”, – распавяла журналістка службе маніторынгу БАЖ.

Між тым, па назіраннях службы маніторынгу БАЖ, за апошнія гады наклад гарадской афіцыйнай газеты “Пінскі веснік” зменшыўся да крыху больш чым 6. 500 асобнікаў з больш як 10 тысяч.

Наклад пінскай дзяржаўнай раёнкі “Палеская праўда” раней перавышаў 30 тысяч, зараз толькі 6 тысяч з невялікім. Таксама, як паведаміла абласное радыё, нядаўна вызвалены з пасады рэдактар абласной вертыкальнай газеты “Зара” Адам Ліпскі з-за памяншэння колькасці накладу газеты.

А тым часам журналісты недзяржаўнай газеты “Мясцовы час” раскладаюць наклады кожнага нумару ў сумкі і разносяць самастойна па прадпрыемствах горада. Пінчукі з задавальненнем набываюць газету. Але ж з якімі намаганнямі ідзе рэалізацыя кожнага нумару.