Падчас масавай акцыі ў Мінску былі збітыя журналісты
25 сакавіка журналістка Алёна Андрэева двойчы пацярпела, калі выконвала свае прафесійныя абавязкі падчас масавай дэманстрацыі ў Мінску, нягледзячы на тое, што мела прышпіленую на вопратцы прэсавую карту ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Каля 12.00 у раёне ГУМа яна пацярпела ад рук прадстаўнікоў праваахоўных органаў разам з ўдзельнікамі вулічнай акцыі, якіх адціскалі ад Кастрычніцкай плошчы. Пазней, прыкладна ў 14.30, ля Акадэміі навук (у гэты час на пляцоўцы перад будынкам акадэміі адбываўся мітынг) яна атрымала ўдар па галаве ад невядомага чалавека ў цывільным: напад адбыўся якраз пасля таго, як ён убачыў прэс-карту.
Журналістка спрабавала прыцягнуць да інцыдэнту ўвагу прадстаўнікоў праваахоўных органаў, але за чалавека ў цывільным аператыўна заступіўся яго калега. Журналістка мяркуе, што гэта была наўмысная правакацыя.
Таксама падчас дэманстрацыі была збітая супрацоўнікамі АМОН журналістка польскай інфармацыйнай агенцтва «PAP» Бажэна Кузавінска.
«Міліцэйская калона, збіваючы дэманстрантаў, намагалася адсунуць іх з вуліцы. Я спрабавала паказаць ім сваё журналісцкае пасведчанне, выдадзенае беларускім МЗС, але гэта нічога не дало. Я атрымала некалькі ўдараў кулаком», – расказала Бажэна Кузавінска.
Нагадаем, 22 сакавіка БАЖ накіраваў лісты да міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава і начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Анатоля Куляшова, дзе нагадвалася, што ў адпаведнасці з законам “Аб друку і іншых СМІ” журналісты маюць права прысутнічаць на месцы грамадска значных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Падкрэслівалася, што Закон прадастаўляе права журналістам прысутнічаць на месцы правядзення як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных акцый.