Журналістам у рэгіёнах перашкаджалі асвятляць падзеі 25 сакавіка
Паступаюць першыя звесткі пра затрыманні і пра чыненне перашкодаў працы журналістаў у некаторых абласных цэнтрах, дзе 25 сакавіка таксама праходзілі акцыі з нагоды Дня волі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў пра затрыманне ў Віцебску Юрася Сцяпанава, журналіста Радыё “Палонія”. Гэтую інфармацыю пацвярджае і інтэрнэт-сайт беларускай службы Радыё “Палонія”. Затрыманы карэспандэнт звязаўся з рэдакцыяй з Кастрычніцкага РАУС Віцебска і перадаў рэпартаж адтуль. (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/dokument.aspx?iid=50166). Пакуль невядома, што інкрымінуецца Ю.Сцяпанаву. (Усяго на акцыі было затрымана, па звестках “Вясны”, каля 15 чалавек).
БелаПАН паведаміў, што ў Віцебску міліцыя затрымала каля дзесятка чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб адсвяткаваць Дзень волі. Акцыю затрымання спрабавалі зафіксаваць на фотастужку галоўны рэдактар газеты "Витебский курьер" Уладзімір Базан і рэдактар інтэрнэт-сайту "Народныя навіны Віцебска" Сяржук Серабро, аднак міліцыянты дэманстратыўна закрывалі аб’ектывы іх фотаапаратаў. Патрабаванні журналістаў назваць сябе яны праігнаравалі.