Гомельская пракуратура завяла справу на журналіста за "незаконную дзейнасць у інтарэсах замежных СМІ"
Адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста Анатоля Гатоўчыца, які працуе рэгіянальным карэспандэнтам БелаПАН, завяла пракуратура Гомельскай вобласці. Журналіста абвінавачваюць у “незаконным ажыццяўленні дзейнасці ў інтарэсах замежных СМІ”.
17 сакавіка Анатоля Гатоўчыца выклікалі павесткай у пракуратуру. Начальнік аддзела агульнага нагляду Аляксандр Елісееў азнаёміў яго з раздрукоўкамі інфармацый з афіцыйнага сайту “Радыё Свабода”. Гэта былі тэксты матэрыялаў “Тураў: створаны амэрыканцамі рэабілітацыйны цэнтар прастойвае”, “Гомельская міліцыя верыць у бамжоў, а не ў прывіды”, “Пайшлі ў грыбы – і не вярнуліся”, “Школы рыхтуюцца да навучальнага году за кошт бацькоў”.
Да раздруковак прыкладаліся пратаколы апытання супрацоўнікамі упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Гомельскай вобласці службовых асоб дзяржустаноў. Меркаванні гэтых людзей прыводзіліся ў вышэйпералічаных матэрыялах на сайце “Радыё Свабода”.
Пытанні супрацоўнікі КДБ задавалі адны і тыя ж: Ці давалі яны сваю згоду на правядзенне інтэрв’ю амерыканскай радыёстанцыі “Радыё Свабода"? Ці ведалі, што журналістам ажыццяўляецца аўдыё (відэа) запіс гутаркі і ці давалі на гэта згоду? Калі б было вядома пра факт выкарыстання размовы ў якасці інтэрв’ю для “Радыё Свабода”, ці далі б на гэта згоду? Апытаныя адказвалі на гэтыя і іншыя пытанні адмоўна.
На падставе матэрыялаў супрацоўнікаў КДБ пракуратура зрабіла выснову, што Анатоль Гатоўчыц працягвае незаконна ажыццяўляць сваю дзейнасць у інтарэсах замежных СМІ і не папярэджвае суразмоўцаў аб тым, што ажыццяўляе запіс размоваў.
Нагадаем, ў сакавіку 2006 года журналіст атрымаў афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння п.9 Палажэння аб знаходжанні і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ.
Зараз журналіста вінавацяць у “невыкананні выражанага ва ўстаноўленай заканадаўствам форме патрабавання службовай асобы, якая ажыццяўляе дзяржаўны кантроль і нагляд…” (арт. 23.1 КоАП). Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 17 сакавіка 2007 года пракуратура накіравала ў суд.
З выкладзенымі ў пратаколе прэтэнзіямі А. Гатоўчыц не згодны: “Я журналіст і займаюся журналістыкай. Прэтэнзіі ўпраўлення КГБ і пракуратуры – гэта найперш абмежаванне на прафесію. А таксама фактычнае абмежаванне службоўцам на кантакты з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ, што парушае, з аднаго боку, прынцып галоснасці дзейнасці дзяржаўных устаноў, а з другога – з’яўляецца ўшчамленнем масавай інфармацыі”, – выказаў ён сваё меркаванне службе маніторынгу БАЖ.
Як распавёў Анатоль Гатоўчыц, ён працуе рэгіянальным карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Падрыхтоўка аўдыёматэрыялаў уваходзіць ў яго абавязкі згодна з працоўным кантрактам.