У Баранавічах затрымалі распаўсюдніка газеты "Товарищ"
У Баранавічах за распаўсюд недзяржаўнай газеты “Товарищ”, заснавальнікам якой з’яўляецца апазіцыйная Партыя камуністаў Беларусі, затрыманы чалец партыі, інжынер мясцовага завода аўтаматычных ліній Віктар Цяпін.
2 лютага каля 7-мі гадзін раніцы (перад пачаткам працоўнай змены), В. Цяпін пачаў раздаваць газету “Товарищ” насупраць прахадной завода. Аднак літаральна праз некалькі хвілін да яго пад’ехаў аўтамабіль патрульна-паставой службы, міліцыянеры затрымалі Цяпіна і адвезлі ў Баранавіцкае ГАУС.
Паводле слоў затрыманага, у аддзяленні міліцыі высветлілі, што яго ў дзеяннях няма правапарушэння, паколькі газета афіцыйна зарэгістраваная, папрасілі прабачэння і адпусцілі. Пратакол аб затрыманні не складалі, а В.Цяпіну выдалі даведку для прад’яўлення на працы, што з 7.15 да 9.00 ён знаходзіўся ў міліцыі.
Нагадаем, гэта ўжо другое затрыманне грамадскага актывіста за апошнія два месяцы.
У снежні 2006 года падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы спадар Цяпін быў затрымалі супрацоўнікамі міліцыі, калі выхадзіў з будынку завода пасля працы. У сумцы, якую ён меў пры сабе, знаходзіліся 200 асобнікаў незарэгістраванага выдання “Белорусский вестник”.
Як патлумачыў грамадскі актывіст, ён перад працоўнай зменай здаў сумку ў камеру захоўвання перад прахадной, а пасля працы збіраўся раздаць газеты працоўным. Тады на В.Цяпіна быў складзены пратакол.
А ў студзені адміністратыўная камісія Баранавіцкага гарвыканкама аштрафавала В. Цяпіна на 2 базавыя велічыні на падставе артыкула 172 Адміністратыўнага кодэксу (“распаўсюджанне друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем вызначанага парадку, якія не маюць выпускных даных, змест якіх накіраваны на прычыненне ўрону дзяржаўнаму і грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян...”).
Зараз Віктар Цяпін абскарджвае рашэнне камісіі ў Баранавіцкім гарадскім судзе.
Трэба адзначыць, што склад правапарушэння прадугледжвае менавіта распаўсюд выданняў, у дадзеным выпадку ёсць толькі факт іх перавозкі. Таксама для прыцягнення да адказнасці паводле артыкула 172 АК неабходна, каб усе пералічаныя ў ім парушэнні мелі месца.