Недзяржаўную газету "Нясвіжскі час" выкідваюць з кіёскаў "Саюздруку"
У Нясвіжы мясцовае аддзяленне “Мінаблсаюздруку” адмаўляецца прадаваць у сваіх кіёсках недзяржаўную рэгіянальную газету “Нясвіжскі час”. Дамова з рэдакцыяй на гандаль газетай скасоўваецца з 20 сакавіка 2007 года.
“У сувязі з эканамічнай неэфектыўнасцю рэалізацыі газеты “Нясвіжскі час”, – паведамляецца ў лісце начальніка Нясвіжскага раённага аддзялення “Мінаблсаюздруку” Таццяны Навоша ад 17 студзеня.
“Вакол газеты ў апошні час склалася даволі няпростая сітуацыя, і якая, на мой погляд, кімсьці каардынуецца і кантралюецца”, – выказаў свой погляд службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар “Нясвіжскага часу” Аляксей Белы.
“У гэтым годзе наша выданне ўжо адмовіліся рэалізоўваць гандлёвае прадпрыемства “Нясвіжскі гархарчпрамгандаль” і крама “Новае месца”. Па гэтай прычыне мы вымушаны былі знізіць наклад газеты з 2100 асобнікаў да 1700. Праз кіёскі “Саюздруку” мы прадавалі 250 асобнікаў газеты. Страта гэтага каналу распаўсюду для нас адчувальны ўдар”.
Нагадаем, на пачатку гэтага месяца журналісты "Нясвіжскага часу" сутыкнуліся з праблемай – стала немагчыма атрымаць інфармацыю ў мясцовых дзяржаўных установах і арганізацыях. Супрацоўнікі гэтых устаноў, адмаўляюцца прадастаўляць звесткі, спасылаючыся на адпаведнае распараджэнне намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама А.Маісені, які курыруе пытанні ідэалогіі.