У Гродне асудзілі за "лаянку" супрацоўніка часопіса Саюза палякаў Беларусі
Сёння ў Гродне адбыўся суд над супрацоўнікам часопіса Саюза палякаў Беларусі “Magazin Polski” Аляксеем Салеем. Суддзя Ленінскага суда Наталля Козел прызначыла пакаранне – 7 сутак арышту за “лаянку і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.
Суд пачаўся ў 14.30 і доўжыўся прыкладна 30 хвілін. Сведкамі з боку абвінавачання выступілі міліцыянеры Піцько і Вечар, просьбу запрасіць сведкаў з боку А. Салея суддзя адхіліла.
Учора а 19-ай гадзіне двое чалавек ў цывільным затрымалі Аляксея Салея на скрыжаванні вуліц Будзённага і Ажэшкі, калі ён вяртаўся на працу з аптэкі, дзе набываў лекі ад прастуды.
Аляксея Салея адвезлі ў Ленінскае РАУС Гродна і паведамілі, што ён затрыманы на падставе артыкула 156 (дробнае хуліганства) Адміністратыўнага кодэксу. Астатні час да суду – крыху менш сутак – Аляксея пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку. Карыстацца мабільным тэлефонам яму было забаронена.
Выпадковым сведкам затрымання стаў знаёмы А.Салея, які папярэдзіў аб здарэнні яго калег, а тыя ў сваю чаргу сваякоў.