"Витебский курьер" атрымаў папярэджанне ад Мінінфармацыі і праверку ад падатковай


Недзяржаўная рэгіянальная грамадска-палітычная газета "Витебский курьер М" 6 снежня атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Падстава – заснавальнік не паведаміў "у вызначаны месяцовы тэрмін аб змяненні адраса рэдакцыі", – паведамляецца у папярэджанні.

Недзяржаўная рэгіянальная грамадска-палітычная газета “Витебский курьер М” 6 снежня атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Падстава – заснавальнік не паведаміў “у вызначаны месяцовы тэрмін аб змяненні адраса рэдакцыі”, – паведамляецца у папярэджанні.

Нагадаем, У гэты ж дзень “Витебский курьер М“ атрымаў ліст аб тэрміновым скасаванні дамовы на арэнду офісу ад кіраўніцтва прадпрыемства “Элсан”, куды газета пераехала ў другой палове кастрычніка. Ад рэдакцыі патрабавалася цягам 46 гадзін пакінуць памяшканне.

“Мы вырашылі не з’язджаць з памяшкання, якое арандуем для офісу рэдакцыі, бо няма юрыдычнай падставы нас высяляць”, – паведаміў галоўны рэдактар “ВК” Уладзімір Базан. На сёння ніякіх мер да рэдакцыі з гэтай нагоды пакуль не прымянялася.

А праз дзень, 8 снежня, у рэдакцыю “ВК” прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі для правядзення комплекснай планавай праверкі за апошнія пяць гадоў, – паведаміла прэс-службе БАЖ Жанна Папова, выканаўчы дырэктар ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер”.

7 снежня Ж. Папова і рэдактар газеты Уладзімір Базан наведалі намесніка старшыні адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Віктара Уласава.

– Пасля таго, як ужо паўтары месяца ў нас па розных прычынах адмаўляюцца прыняць для перарэгістрацыі статута адпаведныя дакументы, мы пайшлі на прыём да намесніка старшыні, – расказала Ж.Папова. – Віктар Уласаў нам пацвердзіў, што супрацоўнікам было забаронена прымаць нашыя дакументы, маўляў, мы парушылі мясцовае заканадаўства, бо павінны былі папярэдне ўзгадніць размяшчэнне рэдакцыі на тэрыторыі Першамайскага раёна з яго адміністрацыяй.

“Тым больш у законе “Аб мясцовым упраўленні і самаўпраўленні...”, на які спасылаўся В. Уласаў і раіў нам пачытаць, няма нормы, якая абавязвае ўзгадняць размяшчэнне на тэрыторыі раёна юрыдычнай асобы, зарэгістраванай гарвыканкамам”, – паведамляе прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Павел Левінаў, які абараняе інтарэсы газеты.

“Мы намераны адстойваць свае інтарэсы, так як скасаванне з намі дамовы на арэнду не мае пад сабой ніякай законнай падставы”, – сказала Жанна Папова.