Злачынцы, якія пагражалі журналістам "Intex-press", не пакараныя
Міліцыя не змагла знайсці людзей, якія пагражалі журналістам баранавіцкай недзяржаўнай газеты "Intex-press".
"У ходзе праведзеных мерапрыемстваў вышуку ў сапраўдны час выявіць асоб, якія маюць адносіны да расклейвання ўлётак і шыльдаў з надпісамі "Асінае гняздо ЦРУ" і зрабіўшых надпіс на тратуарнай плітцы... не прадставілася магчымым", - сказана ў лісце ад 24 ліпеня на імя дырэктара ТАА "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" Уладзімера Янукевіча за подпісам намесніка начальніка Баранавіцкага ГАУС А. Сакуты.
Нагадаем, улёткі з пагрозамі і шыльды са зневажальнымі надпісамі ў адрас недзяржаўнай газеты "Intex-press" супрацоўнікі рэдакцыі знайшлі на дзвярах офіснага будынка раніцай 18 ліпеня сёлета. Побач на тратуары невядомымі быў зроблены надпіс: "Нет - продажной прессе", а на камні графіці - нацыянал-бальшавіцкія серп і молат у крузе.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"