Быць рэпарцёрамі, піяршчыкамі ці... палітыкамі? (ФОТА)


Ці можа журналіст дазваляць сабе браць чыйсьці бок, выказваць свае сімпатыі-антыпатыі на старонках выданняў ці папросту ігнараваць частку інфармацыі? Пра гэта гаварылі ўдзельнікі чарговага прэс-клубу ў межах кампаніі БАЖ «За якасную журналістыку», які адбыўся ў Магілёве 28 кастрычніка.

Падчас выбарчай кампаніі перад журналістамі адкрываюцца адразу некалькі прывабных спосабаў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Але ці можа журналіст дазваляць сабе браць чыйсьці бок, выказваць свае сімпатыі-антыпатыі на старонках выданняў ці папросту ігнараваць частку інфармацыі? Пра гэта гаварылі ўдзельнікі чарговага прэс-клубу ў межах кампаніі БАЖ «За якасную журналістыку», які адбыўся ў Магілёве 28 кастрычніка.

Дыскусія наконт ролі журналістаў у выбарчай кампаніі атрымалася гарачай. У рэгіёне, дзе выдаецца больш за ўсё маланакладных газетаў, журналісты і выдаўцы нярэдка займаюць супрацьлеглыя пазіцыі ў пытаннях прафесійных стандартаў і бачанні ролі сродкаў масавай інфармацыі ў выбарчых кампаніях, адказнасці перад аўдыторыяй і калегамі.

На думку рэдактара газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, пазіцыя выдання ў часе выбараў шмат у чым дыктуецца аўдыторыяй, для якой СМІ працуе.

«Калі гэта падрыхтаваная публіка, то там чытачы могуць сабе дазволіць чытаць і крытыку. Але, калі мы, „Вольны горад“, маем народную аўдыторыю, то ім будзе вельмі сумна чытаць пра разборкі ў апазіцыі. Мы пра гэта не пісалі і пісаць, думаю, не будзем», — заявіў аб сваёй пазіцыі Сяргей Няроўны.


Мікалай Гердзій

Яго падтрымаў калега і аднадумца Мікалай Гердзій: «Мы даўно і мэтанакіравана „стрыжэм вусы“ аднаму канкрэтнаму чалавеку. І гэта наша грамадзянская і журналісцкая пазіцыя. А што тычыцца крытыкі апазіцыі, то яе і так ёсць каму крытыкаваць. Мы ж спрабуем па максімуму гэтага пазбягаць. Бо нашыя чытачы не такія „прасунутыя“ і могуць не разабрацца, што адбываецца».

Малады журналіст з магілёўскага сайта Gorad.by Дзяніс Васількоў дазволіў сябе не пагадзіцца з пазіцыяй старэйшых таварышаў: «Кандыдаты ж не памерлыя, каб аб іх гаварылі альбо добра, альбо нічога. І мы, журналісты, нярэдка знаходзімся ў палоне сваіх ілюзій, думаючы, што добра ведаем — што цікава нашай аўдыторыі, а што не. Можа, усё ж такі прадставіць ім вырашаць і выбіраць, хто ім больш падабаецца?»

Зважаць найперш на інтарэсы і зацікаўленні аўдыторыі раіць і Сяргей Аржанцаў з Клімавічаў. На яго думку, «шкадаваць» чытачоў, заплюшчваючы вочы на недахопы і памылкі беларускіх палітыкаў, не варта, бо гэта супярэчыць галоўнаму прынцыпу журналісцкай працы — аб’ектыўнасці.

«Як ні дзіўна, пытанне, як і аб чым пісаць, падчас выбараў узнікае штогод. А ўсё ж так проста! — лічыць Сяргей Аржанцаў. — Як пісаць? Аб’ектыўна і, па магчымасці, нейтральна. Пра што пісаць? Пра тое, што хвалюе нашых чытачоў. Пра каго пісаць? Дык у гэтым палітычным „шматквецці“ штодня нам даюць такія інфармацыйныя нагоды, што толькі пішы… І калі кандыдат дае падставу яго пахваліць ці пакрытыкаваць — што рабіць, сам „напрасіўся“…»

Між тым, узнікае пытанне, што рабіць з тымі палітыкамі, якія не даюць інфармацыйных падставаў, не выстаўляюць пікетаў, не едуць па рэгіёнах? На гэтае пытанне мадэратараў прэсавага клубу амаль усе прысутныя аднагалосна адказалі: «Калі так, нам і нашай аўдыторыі такі кандыдат не цікавы».


Ганна Ільіна і Генадзь Суднік

«Безумоўна, нас, журналістаў цікавяць выбары. Але цікавасць наша, хутчэй, да працэсу, з усімі яго складнікамі і на ўсіх этапах. Але выбары як персаналіі — гэта зусім іншае пытанне. Мы проста не можам сабе дазваляць падтрымліваць персаналіі», — лічыць старшыня суполкі БАЖ у Магілёве Генадзь Суднік.

«Калі камусьці з кандыдатаў не хочацца „піярыцца“ ў нас у рэгіёне, дык навошта я яго буду цягнуць да нас у Горкі?» — далучыўся да калегі Эдуард Брокараў.


Паўлюк Быкоўскі

Адказам магла стаць прамова аднаго з мадэратараў прэс-клубу журналіста газеты «Белорусы и рынок» Паўлюка Быкоўскага, які падкрэсліў, што журналісты прызвычаіліся займаць у дачыненні да палітыкаў рэакцыйную пазіцыю. То бок — толькі рэагаваць на іх словы і дзеянні. У той час як маглі б паспрабаваць самастойна фарміраваць «парадак дня».

«Ці не можам мы адрасаваць палітыкам тыя пытанні, якія хвалююць нашу аўдыторыю? Ці не можам такім чынам прымушаць іх знаходзіць адказы?» — закінуў тэму для разважання Паўлюк Быкоўскі. І большасць прысутных не змагла не адказаць станоўча.

Між тым, як адзначыў эксперт, такія прапановы ён робіць на розных журналісцкіх семінарах ужо некалькі год запар. І ўсе прысутныя заўсёды пагаджаюцца. Але, як і раней, журналісты так і не ўзялі на сябе адказнасць па фарміраванні «парадку дня» для будучых кандыдатаў у прэзідэнты.

«Мы думаем „барыкадна“, дзелім усіх на „сваіх“ і „чужых“. Хочам дапамагчы свайму „дабру“ перамагчы „зло“, — падкрэсліў Паўлюк Быкоўскі. — Замяняць сабой палітыка, якога няма, — гэта таксама пазіцыя. Але яна адрозніваецца ад пазіцыі тых выданняў, якія імкнуцца быць аб’ектыўнымі. І гэта трэба разумець. Як разумець і сваю адказнасць».

Пра журналісцкую адказнасць падчас прэс-клубу гаварыў і магілёўскі рэпарцёр Алесь Буракоў. На яго думку, журналістам вельмі цяжка сёння разабрацца ў тым, што адбываецца ў апазіцыйным лагеры. А калі не можаш разабрацца, дык варта дзейнічаць па правілах урача — «Не нашкодзь!»

«Можа, нам лепей не асвятляць гэтыя выбары, а на мясцовым ўзроўні вырашаць свае праблемы? Бо мы ж усё роўна не ведаем рэальнай карціны — хто там імкнецца да ўлады і ці імкнецца ўвогуле», — мяркуе журналіст.


Жанна Літвіна

Пра адказнасць медыясупольнасці казала ў сваёй прамове і старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна:

«Прыйшоў час, калі мы, журналісты, павінны ўзяць на сабе адказнасць за тое, што за 16 год не далі людзям адказу на пытанне: „Хто, калі не ён?“. Гэта мы, журналісты, стварылі апазіцыянерам імідж людзей, якіх заўсёды б’юць і заціскаюць. Гэта нам не удалося дамовіцца з палітыкамі аб супрацоўніцтве на карысць грамадства, аб спалучэнні інтарэсаў абодвух бакоў. Бо зразумела, што інтарэс палітыкаў — гэта прыход да улады, доступ да дзяржаўных СМІ, у якіх больш вялікая аўдыторыя, і станоўчы імідж. Дзе інтарэс прэсы? Мы працуем на свае аўдыторыі, мы павінны заваёўваць іх сімпатыі і задавольваць іх інфармацыйны голад. Сёлета ж палітыкі нам стварылі цэлы феерверк магчымасцяў… Імі не проста можна, імі абавязкова трэба карыстацца — параўноваць палітычныя праграмы, ладзіць дыскусіі на старонках выданняў, на форумах сайтаў, рабіць усё, каб людзі маглі адрозніць аднаго палітыка ад іншага, каб яны ведалі іх у твар. І гэта пад сілу журналістам. У гэтым і можа палягаць нашая асаблівая роля падчас выбараў, наш абавязак перад грамадствам».


Аляксандр Коктыш

Быць адказнымі, паважаць сваю аўдыторыю, памятаць пра журналісцкі абавязак заклікаў удзельнікаў дыскусіі напрыканцы сустрэчы медыяэксперт беларускага прадстаўніцтва фонда Эберта Аляксандр Коктыш. Ён падкрэсліў, што падыходы да асвятлення выбарчага працэсу ў краіне могуць быць рознымі, але журналісцкая годнасць вымагае ад нас прытрымлівацца прынцыпаў прафесійнай этыкі і прафесійных стандартаў якасці.