У Літве абмяркоўваюць новую рэдакцыю закона аб сродках масавай інфармацыі


Зараз у Літве адбываецца абмеркаванне новай рэдакцыі Закона аб грамадскай інфармацыі - адпаведніку нашага Закона аб друку і іншых СМІ.

Зараз у Літве адбываецца абмеркаванне новай рэдакцыі Закона аб грамадскай інфармацыі - адпаведніку нашага Закона аб друку і іншых СМІ. Праз некалькі дзён літоўскі Сейм мае прыняць гэты дакумент, над якім група экспертаў працавала з 2004 г. На гэтым тыдні па настойлівых просьбах прадстаўнікоў Саюзу журналістаў Літвы парламент выключыў з новай рэдакцыі закона папраўкі, якія падаліся прадстаўнікам мас-медыя занадта абмежавальнымі.

У групу распрацоўшчыкаў згаданага дакумента ўваходзілі парламентары, сябры Саюзу журналістаў Літвы (СЖЛ), прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, выдаўцы і г.д. Працу над ім скончылі яшчэ ў мінулым годзе. Камітэт па адукацыі, навуцы і культуры, адказны за прыняццё гэтага закона, перадаў праект на разгляд іншых парламенцкіх камітэтаў; менавіта яны і дапоўнілі яго разнастайнымі прапановамі, некаторыя з якіх выклікалі апасенні ў журналістаў. Тады Саюз журналістаў звярнуўся да парламентароў з прапановай зладзіць публічнае абмеркаванне дакумента перад яго прыняццём. Дыскусія адбылася 21 чэрвеня.

Старшыня СЖЛ Дайніс Радзевічус распавёў у інтэрв'ю прэс-службе БАЖ, што папраўкі тычыліся трох асноўных палажэнняў праекту. У прыватнасці, у раздзел, прысвечаным абароне прыватнага жыцця, парламенцкія камісіі хацелі ўвесці норму, якая абмяжоўвала б права журналіста фатаграфаваць альбо рабіць відэаздымкі не толькі на прыватнай тэрыторыі, але і на тэрыторыі, якая выкарыстоўваецца для гаспадарчай, прафесійнай, камерцыйнай дзейнасці. "Атрымлівалася, што "прыватнай уласнасцю" лічыліся б будынкі і тэрыторыі, якія належаць не толькі фізічным, але і юрыдычным асобам", - кажа Д. Радзевічус. "Такім чынам, без згоды ўладальніка журналіст не мог бы нават сфатаграфаваць будынак, у якім месціцца бюро. Альбо, уявіце сітуацыю: адбыўся пажар на якім-небудзь заводзе, журналіст прыязджае ўначы і хоча адзняць наступствы інцыдэнту, але, зноў жа, не можа гэтага зрабіць без згоды гаспадароў прадпрыемства..."
Пасля абмеркавання ў парламенце было вырашана лічыць прыватнай тэрыторыяй толькі прыватныя дамы і тэрыторыю побач з імі - то бок, тую прастору, на якой насамрэч праходзіць прыватнае жыццё.

Дыскусія завязалася таксама вакол вызначэння паняцця "меркаванне". У прыватнасці, у законапраект прапаноўвалася ўвесці норму, якая патрабавала б ад журналіста аргументаваць свае меркаванні фактамі. Гэта выклікала пярэчанні ў прадстаўнікоў СЖЛ. "Я ім прывёў вельмі просты прыклад, - кажа Д. Радзевічус.- Зыходзячы з таго факту, што на вуліцы свеціць сонца, я магу прыйсці да дзвюх абсалютна розных высноваў. Напрыклад: з-за сонечнага надвор'я ў парламентароў добры настрой, і яны працуюць добра. Альбо: з той жа прычыны ім хочацца адпачываць, і яны працуюць кепска… Усе смяяліся, але пагадзіліся з тым, што абсурдна патрабаваць, каб журналіст даказваў, чаму тое ці іншае яму падабаецца альбо не. Меркаванне - гэта суб'ектыўна погляд!", - падкрэслівае Д. Радзевічус. Тым больш, нагадвае ён, што літоўскі парламент у 1995 годзе ратыфікаваў рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, дзе было запісана, што меркаванне павінна выказвацца этычна і г.д., але пацвярджалася, што гэта - суб'ектыўны погляд на рэчы.

Асобны раздзел новай рэдакцыі закона прысвечаны Інтэрнэту. Да прыкладу, паводле літоўскага заканадаўства, органы дзяржаўнага кіравання не могуць мець ва ўласнасці сродкаў масавай інфармацыі, але на інтэрнэт-выданні гэтае правіла не распаўсюджвалася. Новая рэдакцыя закона пацвердзіла права дзяржаўных органаў мець уласныя інтэрнэт-старонкі, але дакладна акрэсліла, якога роду інфармацыю на іх дазволена змяшчаць. Да прыкладу, такія сайты не павінныя ўтрымліваць прыкметаў інтэрнэт-газеты, несці прапаганды і г.д.

Мяркуецца, што новая рэдакцыя закона аб грамадскай інфармацыі набудзе моц з 1 верасня г.г.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"