"Комсомольская правда в Белоруссии" аштрафаваная на 60 млн. рублёў


Суд Савецкага р-на г. Мінска 22 чэрвеня часткова задаволіў зыск кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандра Шпілеўскага да выдаўца газеты "Комсомольская правда в Белоруссии" - ЗАТ "БелКП-ПРЕСС", пастанавіўшы спагнаць з яго 60 млн. рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Суд Савецкага р-на г. Мінска 22 чэрвеня часткова задаволіў зыск кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандра Шпілеўскага да выдаўца газеты "Комсомольская правда в Белоруссии" - ЗАТ "БелКП-ПРЕСС", пастанавіўшы спагнаць з яго 60 млн. рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Нагодай для зыску сталася памылковае апублікаванне фотаздымку А. Шпілеўскага ў "таўстушцы" ад 4 траўня. У рубрыцы "Цытата тыдня" было змешчана выказванне Мікалая Шпілеўскага (агента беларускага футбаліста Аляксандра Глеба), якое з-за тэхнічнай памылкі праілюстравалі фотаздымкам Аляксандра Шпілеўскага. Кіраўніцтва рэдакцыі адразу ж звязалася з прэс-службай А. Шпілеўскага і папрасіла прабачэння, а таксама накіравала яму ліст з просьбай аб асабістай сустрэчы. У наступным нумары "таўстушкі" былі апублікаваныя пісьмовыя тлумачэнні гэтай недарэчнай сітуацыі - у той форме, у якой пажадаў іх убачыць "пакрыўджаны бок".
Канфлікт нібыта быў улагоджаны, і таму для журналістаў стала поўнай нечаканасцю, калі праз некалькі тыдняў А. Шпілеўскі падаў зыск аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды на суму 80 млн. рублёў.

Юрыст "КП" Людміла Марцінчык кажа, што выказванне М. Шпілеўскага, каля якога памылкова з'явіўся фотаздымак кіраўніка мытнага камітэту, было цалкам нейтральным і тычылася выключна спартовай тэматыкі. У рэдакцыі не разумеюць, чым газета нанесла такі "каласальны маральны ўрон" дзяржаўнаму чыноўніку, і будуць апратэстоўваць рашэнне суда.

"Мне цяжка каментаваць гэты інцыдэнт, - кажа галоўны рэдактар выдання Юлія Слуцкая. - Адзінае, што магу сказаць, - сумы зыскаў ад нашых высокапастаўленых чыноўнікаў сведчаць пра тое, што іх апетыты "зашкальваюць".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"