Тэрмін зняволення Я. Рыбакова скарочаны на 2 гады
Тэрмін турэмнага зняволення Ягора Рыбакова, экс-старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, скарочаны адразу на 2 гады, - паведаміла днямі Радыё "Свабода". Па звестках радыёстанцыі, Рыбакоў апынуўся ў ліку тых 32 асуджаных, якіх А. Лукашэнка памілаваў сваім указам у сярэдзіне чэрвеня. Тым не менш, у Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС РБ і Шклоўскай калоніі №17, дзе зараз адбывае пакаранне Я.Рыбакоў, пацвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю нашаму карэспандэнту адмовіліся, параіўшы даслаць пісьмовы запыт.
Указ аб памілаванні быў прымеркаваны да Году Маці, якім ў Беларусі абвешчаны 2006 год, і таму сярод памілаваных былі пераважна жанчыны (29 чалавек), што маюць непаўнагадовых дзяцей, - паведаміў 13 чэрвеня афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы.
У 2005 годзе Ягор Рыбакоў быў асуджаны за хабарніцтва і службовыя злоўжыванні на 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць адказныя пасады на працягу 5 гадоў. За час свайго кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй (2001-2004 г.г.) ён, паводле суду, атрымаў хабару на некалькі соцень тысяч долараў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"