Вадзіма Доўнара аштрафавалі


21 чэрвеня суд Ленінскага раёна г. Мінска аштрафаваў беларускага журналіста, карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ" Вадзіма Доўнара на 1 базавую велічыню (31 тысяча рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у дробным хуліганстве.

21 чэрвеня суд Ленінскага раёна г. Мінска аштрафаваў беларускага журналіста, карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ" Вадзіма Доўнара на 1 базавую велічыню (31 тысяча рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у дробным хуліганстве. Гэткім чынам скончылася гісторыя з затрыманнем журналіста каля будынку прэзідэнцкай адміністрацыі ў красавіку г.г.

Як распавёў прэс-службе БАЖ сам В. Доўнар, судовыя слуханні доўжыліся не больш за 7 хвілін. Суддзя заслухала паказанні супрацоўніка прэзідэнцкай аховы Іллі Плотнікава, які 21 красавіка спыніў журналіста і выклікаў міліцыю. (Пра тое, дзе афіцыйна працуе сп. Плотнікаў, журналіст даведаўся з міліцэйскага рапарту: у судзе той заявіў, што "гэта службовая таямніца"). Сп. Плотнікаў заявіў, што В. Доўнар на вуліцы лаяўся матам і зневажаў кіраўніка дзяржавы. Суддзя Юлія Шумская прызнала В. Доўнара вінаватым у парушэнні арт 156 КаАП і пастанавіла спагнаць з яго штраф у памеры 1 базавай велічыні.
Журналіст звяртае ўвагу на той факт, што павесткі ў суд ён не атрымліваў: яна прыйшла толькі адвакату Ларысе Атаманчук. Журналіст вырашыў пайсці на слуханні, каб "паставіць кропку" ў гэтай справе. Якраз сёння скончыўся яе тэрмін даўніны.
В. Доўнар лічыць, што І. Плотнікаў мог прысутнічаць на паслявыбарных мінскіх вулічных акцыях і бачыць журналіста там. "Хутчэй за ўсё, ён проста мяне пазнаў у твар і спыніў, а ўбачыўшы журналісцкае пасведчанне, вырашыў "адпомсціць". Відаць, ён проста не любіць журналістаў", - мяркуе В. Доўнар. Абскарджваць прысуд ён не збіраецца, бо гэтая справа яму "надакучыла".

Нагадаем, што Вадзіма Доўнара затрымалі 21 красавіка, калі ён са знаёмым ішоў па вуліцы К. Маркса, накіроўваючыся ў інтэрнэт-кавярню. Людзі ў цывільным, якія стаялі ля ўваходу ў прэзідэнцкую рэзідэнцыю, спачатку спраўдзілі ў іх дакументы, а потым выклікалі машыну з супрацоўнікамі АМАП. Маладых людзей даставілі ў Ленінскі РУУС г. Мінска, але пазней спадарожніка журналіста адпусцілі. Паколькі паміж міліцэйскім рапартам і складзеным пратаколам былі разыходжанні, судовыя слуханні былі адкладзеныя, а матэрыялы справы накіраваныя на дапрацоўку ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"