Андрэй Шантаровіч папрасіў палітычнага прытулку ва Украіне


Беларускі журналіст, cябра БАЖ*, заснавальнік і рэдактар ваўкавысскай "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне, - паведаміла 14 чэрвеня Радыё "Свабода".

Беларускі журналіст, cябра БАЖ, заснавальнік і рэдактар ваўкавысскай "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне, - паведаміла 14 чэрвеня Радыё "Свабода". Журналіст лічыць, што ў Беларусі яго жыццю пагражае небяспека. Паводле харкаўскага інфармацыйнага агенцтва "Status Quo", заяву журналіста аб прадастаўленні яму статусу ўцекача па палітычных матывах прыняў аддзел па справах нацыянальнасцяў і міграцыі Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі.

Як паведамляў раней БАЖ, ва Украіну А. Шантаровіч выехаў яшчэ ў канцы сакавіка г.г. - пасля таго, як адбыў трое сутак адміністратыўнага арышту (з 18 па 21.06.2006) нібыта за хуліганства. У пачатку красавіка ён звязаўся з прэс-службай БАЖ з-за мяжы і расказаў, што праваахоўныя органы ў Ваўкавыску працягваюць шукаць нагодаў, каб зноў яго затрымаць: з пэўных крыніц ён даведаўся, што супраць яго збіраюцца ўзбудзіць крымінальную справу. Па словах А. Шантаровіча, пасля яго выхаду на волю за кватэрай пачалі сачыць. З вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося незаўважна выбрацца з дому і выехаць за мяжу.

"Местная газета" спыніла выхад у пачатку гэтага года: у студзені з'явіўся адзін нумар газеты. Нягледзячы на тое, што "Местная газета", як і большасць іншых недзяржаўных выданняў, была пазбаўлена падпіскі і продажу ў кіёсках, А. Шантаровіч збіраўся працягваць яе выпуск: у прыватнасці, па словах былых супрацоўнікаў рэдакцыі, збіраўся падрыхтаваць чарговы нумар пасля выбараў. Аднак у сувязі з яго вымушаным ад'ездам гэтыя планы не ажыццявіліся.
Нагадаем, што дагэтуль палітычнага прытулку за мяжой прасілі ўжо два журналісты - сябры БАЖ: былы рэдактар светлагорскай газеты "Регион-вести" Мікалай Паседзька звярнуўся да ўладаў Швецыі, а намеснік галоўнага рэдактара "Народнай волі" Аляксандр Сіліч папрасіў палітпрытулку ў Бельгіі. Абодва - ў канцы 2004 г.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"