Адказнасць за думку слонімцаў пра пабудову АЭС узяў на сябе старшыня мясцовага БРСМ
«Грунтуючыся на неагрэсіўнай палітыцы беларускай дзяржавы, клопаце і жаданні працвітання роднай краіны, я ад імя грамадскасці Слонімшчыны кажу “Беларускай АЭС быць!” Мы галасуем за мірны атам!» — так падчас грамадскага абмеркавання наконт пабудовы АЭС скончыў сваю прамову слонімец Вадзім Цвікевіч.
«Грунтуючыся на неагрэсіўнай палітыцы беларускай дзяржавы, клопаце і жаданні працвітання роднай краіны, я ад імя грамадскасці Слонімшчыны кажу “Беларускай АЭС быць!” Мы галасуем за мірны атам!» — так падчас грамадскага абмеркавання наконт пабудовы АЭС скончыў сваю прамову слонімец Вадзім Цвікевіч.
Выступоўца назваўся біёлагам са Слонімскага раёна. Карэспандэнту «ГС» старшыня мясцовай арганізацыі БРСМ патлумачыў, што паездка на грамадскія слуханні — яго асабістая ініцыятыва, каб выказаць уласнае меркаванне. У сваёй прамове Вадзім Цвікевіч акцэнтаваў увагу на тым, што перспектыва беларускай атамнай электрастанцыі пазбавіць краіну ад энергетычнай залежнасці ад Расіі. І дадаў, што «так думаюць усе маладыя людзі, з якімі ён размаўляў».
(Фота "Газеты Слонімскай")
На рэспубліканскіх грамадскіх абмеркаваннях у Астраўцы, што прайшлі 9 кастрычніка, прысутнічалі звыш 800 чалавек. Абавязковае правядзенне падобных мерапрыемстваў рэгламентуе «Палажэнне аб парадку абмеркавання пытанняў у вобласці атамнай энергіі з удзелам грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян», зацверджанае Саветам Міністраў РБ.
Прадметам грамадскай увагі мусіла стаць «Папярэдняя ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС у РБ». Дакумент падрыхтавалі спецыялісты з Міністэрства энергетыкі і праектнага навукова-даследчага унітарнага прадпрыемства «БелНИПИЭнергопром». Яго змест на грамадскім паседжанні пераказаў прадстаўнік гэтай арганізацыі Уладзімір Баброў. Ён паведаміў, што «прагноз стану навакольнага асяроддзя і ўмоваў жыцця насельніцтва дазваляе ацаніць беларускую АЭС як экалагічна бяспечную згодна з патрабаваннямі дзейных нарматыўных дакументаў.
Станцыя негатыўна практычна не ўплывае на фармаванне ўмоваў жыцця людзей у рэгіёне. Радыяцыйнае ўздзеянне нязначнае. Наступствы хімічных, фізічных і цеплавых уплываў на мікраклімат раёна небяспекі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя не ўяўляюць».
Садакладчыкі — загадчык лабараторыі радыяцыйнай бяспекі рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Якаў Кёнінсберг і дырэктар Інстытута радыялогіі Віктар Аверын — паўтарылі свайго папярэдніка ў тым, што дадатковых мераў для забеспячэння насельніцтва ад радыяцыі не будзе патрэбна.
Сярод экспертаў з недзяржаўных экалагічных арганізацый выступаў кіраўнік энергетычнага аддзела «Грынпіс» Расіі Уладзімір Чупроў:
— На сёння ў Расіі самай ідэальнай пляцоўкай для пабудовы атамных электрастанцый з'яўляюцца Масква і Санкт-Пецярбург. Гэта гарады, якія на сёння перажываюць рэальны дэфіцыт электрычнай энергіі. Да таго ж ужо ёсць працоўныя рэсурсы і кантралюючыя органы. Мы накіравалі ліст да «Росатома» (расійская дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергетыцы. — Заўв. аўт.) з пытаннем: «Паводле бяспекі ці можна будаваць у Маскве або побач з ёй атамную электрастанцыю?» і атрымалі адказ, што такіх планаў няма і ніколі не будзе.
Эколагі з беларускай партыі «Зялёныя», НГА «Экадом», групы «Экаабарона!» і руху «Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь» падрыхтавалі «Крытычныя заўвагі да “Папярэдняй справаздачы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС”.
Адна з распрацоўшчыц дакумента, журналістка Таццяна Новікава падрыхтавала 100 экземпляраў “Крытычных заўвагаў”, каб распаўсюдзіць іх сярод удзельнікаў слуханняў. Увесь наклад на падыходзе да кінатэатра “Астравец”, дзе праходзіла мерапрыемства, у эксперта арганізацыі “Экаабарона” з Масквы фізіка Андрэя Ажароўскага канфіскавалі міліцыянты. Самога эколага даставілі ў мясцовы РАУС. Суд Астравецкага раёна прыгаварыў Андрэя Ажароўскага да сямі сутак арышту па артыкуле 17.1 адміністрацыйнага кодэкса з фармулёўкай:
«Знаходзячыся побач з кінатэатрам «Астравец», паводзіў сябе абуральна ў прысутнасці грамадзян, чым парушаў грамадскі парадак пры правядзенні сходу па АЭС».
Тэкст “Папярэдняй ацэнкі аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС у РБ” яе аўтары размясцілі на сайце Міністэрства энергетыкі РБ. З матэрыяламі іх апанентаў — “Крытычныя заўвагі да ”Папярэдняй справаздачы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС» можна пазнаёміцца на старонцы беларускага зялёнага парталу greenbelarus.info.