Радыёстанцыя Мінгарвыканкама закрыла праграму "Тузін гітоў"


Кіраўніцтва FM-станцыі "Радыё Мінск" закрыла штотыднёвую папулярную музычную праграму "Тузін гітоў" на "Радыё Мінск"

Кіраўніцтва FM-станцыі "Радыё Мінск" закрыла штотыднёвую папулярную музычную праграму "Тузін гітоў" на "Радыё Мінск", аўтарам і вядучым якой быў лідэр гурту "Палац" Алег Хаменка. Пра гэта 11 траўня паведаміла Радыё "Свабода". У якасці афіцыйнай падставы закрыцця праграмы кіраўніцтва называе яе "неадпаведнасць планам далейшага развіцця радыёстанцыі". Аднак сам А. Хаменка лічыць, што рашэнне мае палітычную афарбоўку. Па інфармацыі БАЖ, Радыё "Мінск" уваходзіць у структуру "Агентства печати "Минск-новости", заснавальнікам якога выступае Мінгарвыканкам.

А. Хаменка лічыць, што рашэнне кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, было матывавана выкарыстаннем у праграме беларускай музыкі, папулярнай сярод удзельнікаў паслявыбарных акцый пратэсту ў Мінску.
Намеснік дырэктара "Радыё Мінск" Андрэй Анісімаў адмовіўся каментаваць "Свабодзе" закрыццё "Тузіна гітоў".
Радыё "Свабода" нагадвае, што раней была забаронена яшчэ праграма Алега Хаменкі "Настаўніцкая", якая выходзіла на тэлеканале "Лад".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"