Суд не палічыў журналіста БТ абражаным


18 траўня суд Ленінскага раёна г. Мінска спыніў справу ў дачыненні да моладзевай актывісткі Алесі Сіўчыкавай.

18 траўня суд Ленінскага раёна г. Мінска спыніў справу ў дачыненні да моладзевай актывісткі Алесі Сіўчыкавай, якая падазравалася ў абразе журналіста БТ Дзяніса Бальшакова праз дасланае яму SMS-паведамленне. Суддзя Валянціна Зяньковіч не ўбачыла ў дзеяннях Сіўчыкавай складу правапарушэння.

Д. Бальшакоў сёлета ў сакавіку быў аўтарам шэрагу сюжэтаў Беларускага тэлебачання - ў тым ліку і пра тое, што жыхары намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы нібыта мелі пры сабе порначасопісы і наркотыкі. Відавочцы тых падзеяў сцвярджалі, што менавіта супрацоўнікі БТ прынеслі і падкінулі ў намёты згаданыя рэчы перад самым штурмам. У Інтэрнэце быў змешчаны нумар мабільнага тэлефону Бальшакова з заклікам выказаць сваё стаўленне да яго "творчасці". Алеся Сіўчыкава напісала яму паведамленне наступнага зместу: "Дзяніс. Выдатная ідэя з наркотыкамі і порна. Студэнты журфаку на Акрэсціна цябе ніколі не забудуць!".
Журналіст палічыў, што гэтае паведамленне абражае яго, і звярнуўся ў міліцыю. Па заяве міліцыянтаў была ўзбуджана адміністратыўная справа па артыкуле 156-3 КоАП ("Абраза").

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
паводле Радыё "Свабода"