"Газета Слонімская" змагаецца за права на атрыманне інфармацыі
Сёння журналісты недзяржаўнай "Газеты Слонімскай" атрымалі адказ ад начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя г. Слоніма і Слонімскага раёна Мікалая Дзегцярова, які нядаўна ў вуснай размове адмовіўся адказваць на пытанні карэспандэнткі гэтага выдання. Чыноўнік зноў параіў журналістам недзяржаўнай газеты браць інфармацыю з дзяржаўнай "раёнкі".
11 траўня журналістка "ГС" Вольга Шынкевіч звярнулася да сп. Дзегцярова, каб даведацца пра планы інспекцыі прыродных рэсурсаў на бліжэйшы год, а таксама задаць пытанні, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя на Слонімшчыне. Але сп. Дзегцяроў рашуча заявіў, што супрацоўнічае толькі з газетай райвыканкама "Слонімскі веснік". Тады рэдакцыя накіравала яму афіцыйны запыт на атрыманне інфармацыі. Чыноўнік даслаў адказ, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: "Рэкамендую Вам чытаць экалагічную старонку "Экалагічны выпуск", якая выходзіць штомесячна ў газеце "Слонімскі веснік". Ухвальна, што Вас цікавяць пытанні экалогіі..."
Гэты выпадак - толькі адзін з шэрагу аналагічных, з якімі даводзіцца сутыкацца журналістам недзяржаўнага выдання. Да прыкладу, 11 траўня рэдакцыя даслала пісьмовы запыт у Слонімскі раённы аддзел адукацыі з пытаннем пра колькасць выпускнікоў школ у гэтым годзе. У канцы мінулага тыдня кіраўніца аддзелу Галіна Шмялёва даслала адказ, у якім гаварылася, што "звесткі пра колькасць выпускнікоў будуць апублікаваныя ў дзяржаўнай газеце "Слонімскі веснік".
Журналісты вырашылі пакуль не звяртацца ў суд, бо не вельмі спадзяюцца на справядлівае рашэнне. Замест гэтага рэдакцыя звярнулася да калегаў з недзяржаўных выданняў з просьбай дасылаць на факс кіраўніка раённага аддзелу адукацыі запыты з пытаннем: чаму чыноўніца адмовіла "Газеце Слонімскай" у прадастаўленні інфармацыі. У бліжэйшы час аналагічныя пасланні пачнуць паступаць і на адрас начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Дзегцярова. Журналісты "Газеты Слонімскай" спадзяюцца, што дзесяткі запытаў з усёй краіны стануць выхаваўчым фактарам для чыноўнікаў.
З пачатку гэтага года рэдакцыя "ГС" накіравала ў розныя інстанцыі каля дзесятка пісьмовых запытаў на атрыманне інфармацыі. Толькі з дзвюх з іх прыйшоў адказ, а астатнія ўвогуле не адказалі на допісы.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"