Гомельскія распаўсюднікі незалежных газет патрабуюць адказу


22 траўня грамадскія распаўсюднікі газет з Гомеля Андрэй Аксёнаў і Марыя Багдановіч звярнуліся да кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Сяргея Краўцова з просьбай даць афіцыйны адказ

22 траўня грамадскія распаўсюднікі газет з Гомеля Андрэй Аксёнаў і Марыя Багдановіч звярнуліся да кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Сяргея Краўцова з просьбай даць афіцыйны адказ: ці маюць яны права на падставе Закона Рэспублікі Беларусь "Аб друку…" распаўсюджваць недзяржаўныя газеты "Товарищ" і "Народная воля" на тэрыторыі раёна. У распаўсюднікаў ёсць адпаведныя пасведчанні і дамовы з рэдакцыямі, аднак міліцыя Чыгуначнага раёна ўвесь час іх затрымлівае, забараняючы бясплатную раздачу незалежных газет.

Андрэй Аксёнаў таксама патрабуе паведаміць, ці мае ён права, стоячы на ўзбочыне тратуару, не перашкаджаючы руху людзей і не парушаючы грамадскага парадку, распаўсюджваць неперыядычнае друкаванае выданне. (У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра разавыя інфармацыйныя лісткі, вырабленыя на кампутары, з цытатамі са штогадовага звароту А. Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу і беларускага народу). Мінулы досвед Андрэя Аксёнава і шмат якіх іншых распаўсюднікаў паказвае, што міліцыя забірае любую друкаваную прадукцыю, нягледзячы на яе адпаведнасць беларускаму заканадаўству.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"